Муж чыноўніцы Міністэрства юстыцыі Літвы Аўшры Бярнацене, якая прымала канчатковае рашэньне аб перадачы інфармацыі пра Алеся Бяляцкага, мае адвакацкую кантору ў Беларусі.

Паводле інфармацыі парталу delfi.lt, пра гэта было паведамлена ў выпуску навінаў літоўскага тэлеканалу TV3.

Паводле інфармацыі TV3, у сувязі з гэтым накіраваны зварот ва Ўрадавую камісію службовай этыкі, каб высьветліць, ці ў гэтым выпадку не былі зьмешаныя грамадзкія і прыватныя інтарэсы.

Дырэктар дэпартамэнту міжнароднага права Міністэрства юстыцыі Аўшра Бярнацене прыняла і падпісала канчатковае рашэньне пераслаць усе дадзеныя ў Менск.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі некалькі тыдняў таму быў затрыманы ў Менску, яго падазраюць ва ўхоленьні ад сплаты падаткаў. Паводле беларускіх афіцыйных асобаў, кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» затрыманы на падставе атрыманай зь Міністэрства юстыцыі Літвы інфармацыі пра яго банкаўскія рахункі ў Літве і грашовыя паступленьні на іх.

Стала вядома, што Аўшра Бярнацене падала ў адстаўку са сваёй пасады, і міністр юстыцыі адстаўку прыняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?