16 жніўня ў Рагачове пры рамонце водаправода на тэрыторыі філіяла прадпрыемства "Гомельаблаўтатранс" адзін рабочы загінуў, другі — быў траўмаваны.
Як паведамілі ў Гомельскім абласным упраўленні МНС, 60-гадовы электрык і 54-гадовы сантэхнік былі знойдзены ў водаправодным калодзежы глыбінёй чатыры метры, куды яны спусціліся падчас рамонту водаправоднага крана для перакрыцця цэнтральнага водазабеспячэння. Сродкаў засцярогі і страхоўкі ў рабочых не было.
Пацярпелых дасталі з калодзежа, але падчас правядзення рэанімацыйных дзеянняў электрык памёр. Прычына смерці высвятляецца. Яго калега дастаўлены ў бальніцу з атручэннем невядомым газам.





