Арганізатары сольнага канцэрту гурта Neuro Dubel у менскім The Loft Cafe вымушаныя паведаміць, што імпрэза 19 жніўня не адбудзецца. Ад яе правядзеньня адмовілася кіраўніцтва клюбу пасьля візыту ў адміністрацыю Савецкага раёну. Лідэр гурта Аляксандар Кульлінковіч з гэтай нагоды: «Кожны раз чакаеш, што нешта зьменіцца, але ўсё, як звычайна. Жахлівую адзіноту адчуваю ў гэтай сувязі, настолькі ўсё змрочна выглядае».

Пра тое, што канцэрт Neuro Dubel можа не адбыцца было вядома яшчэ на мінулым тыдні. Тады кіраўніцтва клюбу было выклікана ў адміністрацыю Савецкага раёну. Па неафіцыйнай інфармацыі, чыноўнікі параілі падумаць наконт правядзеньня мерапрыемства 19 жніўня. Пасьля гэтага The Loft Cafe вымушана было адмовіць арганізатарам канцэрту Neuro Dubel. «Мы не пакідалі надзеі перанесьці канцэрт у іншы клюб. Зьвярнуліся яшчэ ў тры менскія клюбы, але ўсе пасьля ваганьняў таксама нам адмовілі. Крыўдаваць на кіраўнікоў пляцовак мы ня можам, зразумела, што ім не патрэбныя праблемы», — кажа арганізатар Павал Кашырын.

«Мне бы хацелася даведацца за што мы заслужылі такое стаўленьне. Хто нам можа ўзяцца патлумачыць гэта?» — рытарычна пытае лідэр Neuro Dubel Аляксандар Кульлінковіч. Музыкант кажа, што такое разьвіцьцё падзеяў ён прагназаваў, але ўсё адно навіна ўвяла яго ў стан прыгнечанасьці. «Кожны раз чакаеш, што нешта зьменіцца, але ўсё, як звычайна. Жахлівую адзіноту адчуваю ў гэтай сувязі, настолькі ўсё змрочна выглядае». Аляксандар лічыць, што з усіх фігурантаў «чорнага сьпісу» забароны найбольш моцна б’юць па ягоным гурце: «Астатнія музыкі хоць маюць выйсьце на іншыя гарады і краіны, а мы заўжды ставілі на Менск, дзе нам граць не даюць. Добра было бы, каб усе, каго тычацца забароны, сабраліся разам, а не ваявалі ў адзіночку. Падтрымалі бы адзін аднаго, павыцягвалі бы кожны кожнага на фэсты, скарысталі бы свае падвязкі для агульнай справы. Магчыма тады бы мінула гэтая неадольная туга…»

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?