«За рулём аўтамабіля была я», — заявіла «Салідарнасці» суразмоўца, якая прадставілася Марынай, дзяўчынай хакейнага трэнера. Паводле яе слоў, Міхаіл Захараў прыехаў на месца ДТЗ ўжо пасля сутыкнення «Бэнтлі» з «Лексусам». Звесткі ДАІ з яе паказаннямі разыходзяцца.

Нагадаем, каля 5.30 раніцы 12 чэрвеня на скрыжаванні праспекта Пераможцаў і вуліцы Мельнікайтэ ў Менску адбылося сутыкненне «Бэнтлі» і «Лексуса». На шматлікіх інтэрнэт-рэсурсах з’явілася інфармацыя, што за рулём «Бэнтлі» ў стане алкагольнага ап’янення знаходзіўся галоўны трэнер хакейнага клуба «Юнацтва» Міхаіл Захараў. Паведамлялася, што менавіта яго аўтамабіль, які выехаў на сустрэчную паласу, стаў вінаватым у ДТЗ.

«Салідарнасць» датэлефанавалася на мабільны хакейнага спецыяліста. Трубку падняла жанчына, якая паведаміла, што Міхаіл Захараў заняты на трэніроўцы.

— За рулём аўтамабіля была я, — сказала дзяўчына, якая прадставілася Марынай. — Міхаілу Міхайлавічу належыць чорны «Бэнтлі», а гэтая машына належыць мне.

Па словах суразмоўніцы, Захарава ў момант ДТЗ з ёй не было — ён пад’ехаў «крыху пазней». На яе думку, менавіта яго прысутнасць на месцы аварыі стала прычынай размоваў аб тым, што за рулём быў ён.

— Хто вінаваты ў ДТЗ? Я, — заявіла суразмоўніца «Салідарнасці». — Я не справілася з кіраваннем. Якія наступствы для мяне будзе мець гэтая аварыя, я пакуль не ведаю.

Між тым, дадзеныя ДАІ з паказаннямі дзяўчыны разыходзяцца.

— За рулём «Бэнтлі» знаходзіўся мужчына 1962 года нараджэння. Прозвішчы удзельнікаў ДТЗ мы традыцыйна не выдаем, — распавяла interfax.by старшы інспектар па агітацыі і прапагандзе ДАІ Цэнтральнага раёна Мінска Анастасія Цыбіна.

Адзначым, што Міхаіл Захараў таксама нарадзіўся ў 1962 годзе.

Астатняя афіцыйная інфармацыя скупая. Напярэдадні агенцтва «БЕЛТА» паведаміла, што дзяжурны УДАІ Менска не мае звестак аб падрабязнасцях аварыі, уключаючы тое, хто знаходзіўся за рулём аўтамабіляў. У панядзелак у ДАІ Цэнтральнага раёна паведамілі, што абставіны ДТЗ высвятляюцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?