Кіраванне аўтамабілем вельмі часта робіцца справай напружанай і нервовай. І часцяком праблема тут не ў тым, што ў заторах мы стаім усё часцей, машын робіцца ўсё больш, а рух — усё павольнейшым. І нават не ў тым, што кожны лічыць, што «вакол адны прыдуркі». Проста ва ўсім, як заўсёды, вінаватая чалавечая прырода.

Часопіс Motor Trend правёў даследаванне, закліканае высветліць, што ж больш за ўсё прыводзіць кіроўцаў у шал. У выніку высветлілася, што існуе 5 самых распаўсюджаных крыніц раздражнення на дарозе.

1. Самым раздражняльным фактарам на дарозе прызнаны марудлівы кіроўца. Паводле апытання, неаператыўнасць і нерашучасць на дарозе раздражняе 43,5% апытаных удзельнікаў руху. Тут варта адзначыць, што калі вы едзеце павольней за паток, то суседзям па дарозе цяжка зразумець, што вы збіраецеся рабіць: можа, вы хочаце рэзка перабудавацца, але не ўключылі паваротнік ці вы наогул вар’ят і зараз будзеце разварочвацца, а можа, вы так помсціце машыне ззаду вас… Прычын можа быць шмат, і немагчымасць зразумець іх раздражняе больш за ўсё. Дарэчы, не даруюць занадта марудлівым кіроўцам і супрацоўнікі патрульна-паставых службаў, падазраючы, што ў такой машыне можа быць нецвярозы ці неадэкватны кіроўца.

2. На другім месцы ў рэйтынгу — тыя кіроўцы, што, знаходзячыся за рулём, спрабуюць рабіць некалькі справаў адначасова, што адбіваецца на іх кіраванні і паводзінах на дарозе. 23% рэспандэнтаў заявілі, што іх раздражняе, калі за рулём набіраюць смс ці гавораць па тэлефоне. Зразумела, што, едучы хутка, такім займацца даволі складана, і кіроўцы займаюцца гэтым, калі рух на дарозе цяжкі. Але вось гэта і раздражняе…

3. Трэці пункт сур’ёзнай незадаволенасці — тыя, хто не ўключае паваротнікі. 16,1% апытаных кіроўцаў лічаць гэта раздражняльным фактарам. Чаму? Таму што на дарозе экстрасэнсаў, як правіла, няма. Вашыя думкі ніхто не чытае, і кіроўцам суседніх машын хацелася б ведаць вашыя дзеянні ў найбліжэйшыя некалькі секундаў. Што вы задумалі — працягнеце рухацца проста, хочаце перабудавацца, развярнуцца або сысці ў завулак? Калі вы не ўключылі паваротнік, значыць, вы працягваеце рух і ад вас не чакаюць ніякіх неадэкватных дзеянняў.

Але мяркуючы па апытанні і колькасці незадаволеных, на дарогах вельмі шмат кіроўцаў, якім проста лянота зрабіць адзін рух рукой і ўключыць сігнал павароту. Складана выказаць здагадку, што сярод нас так шмат тых, хто дзвюма рукамі чапляецца за руль і баіцца адарваць мезенец, каб даць сігнал павароту. Часцей за ўсё так робяць тыя, каму ўсё навакольныя глыбока па барабане. І тут душу грэе думка, што «кожнаму аддасца па справах яго…».

4. Агрэсіўныя кіроўцы, якія таксама ні ў што не ставяць навакольных і падразаюць, выклікаюць раздражненне, як ні дзіўна, толькі ў 10% апытаных кіроўцаў. Але апытанне гэтае праводзілася ў ЗША.

5. На пятым месцы ў рэйтынгу стаяць кіроўцы, якія не паварочваюць направа на чырвонае святло. Гэта не могуць зразумець і вытрываць 7,2% рэспандэнтаў. Але тут трэба зноў адзначыць, што выданне Motor Trend, якое праводзіла даследаванне, — амерыканскае. А правілы дарожнага руху ў ЗША абвяшчаюць, што на чырвоным святлафоры дазваляецца выконваць паварот направа ў выпадку, калі ён бяспечны — няма транспартных сродкаў, якія гэтаму замінаюць, і пешаходаў, якія рухаюцца на дазваляльны сігнал святлафора.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?