Вечаровыя выпускі беларускіх навінаў у чарговы раз непрыемна здзівілі сваёй аднолькавасцю.

Навіна пра 55%-ую дэвальвацыю, якая па змаўчанні была найгалоўнай навіной не тое, што дня, а нават тыдня, аказалася на задворках увагі навінных выпускаў тэлеканалаў — як Першага, так і АНТ. Візіт Лукашэнкі ў Казахстан, ісландскі вулкан, змены ва ўкраінскім заканадаўстве, вучэнні… Усе гэтыя тэмы падаліся кіраўніцтву каналаў важнейшымі за абвал рубля.

Калі чарга ўсё ж дайшла да абвалу беларускага рубля, дыктары бадзёрымі галасамі зачыталі новыя курсы і вытрымкі з прэс-рэлізу, распаўсюджанага Нацбанкам… і перайшлі да наступнага сюжэту.

У жывы эфір ці хаця б проста на інтэрв’ю да дзяржаўных журналістаў не выйшаў ніхто —
ні прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які нібыта выпадкова апынуўся у Казахстане, ні прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, які абяцаў у панядзелак-аўторак стабілізаваць рынак — растлумачылі б, колькі цяпер складзе сярэдні заробак беларусаў.
Не з’явіўся старшыня праўлення Нацбанка Пётр Пракаповіч, каб прынародна прызнацца, што яму давялося схлусіць наконт немагчымасці дэвальвацыі.

Мог выйсці хаця б віцэ-прэм’ер Сяргей Румас, які апошнія тыдні выглядаў смялейшым за астатніх чыноўнікаў і падбухторваў Нацбанк на правядзенне дэвальвацыі. Дзе ягоны абяцаны курс 3800–4100 рублёў?

Ад міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Мікалая Русага цяжка было чакаць адэкватнага адказу, але ён мог паўтарыць яшчэ раз, што новы курс даляра — гэта не дэвальвацыя.

Нават гераічны кіраўнік упраўлення Нацбанка Анатоль Драздоў, які дзень за днём апраўдваўся за бяздзеянне свайго кіраўніцтва, і той не палічыў патрэбным пракаментаваць сітуацыю.

Яшчэ раз удакладнім, смеласці і адказнасці пракаментаваць сітуацыю не знайшлося ні ў аднаго чыноўніка.

А сюжэт па АНТ скончыўся карцінкай задаволенай дзяўчыны, якая без усялякай чаргі заходзіць у абменнік і купляе даляры. Лукашэнкаўскія псеўдажурналісты самі пацвердзілі анекдот пра сябе: хацелі б мы жыць у той Беларусі, якую па ТВ паказваюць.

P. S. «Советская Белоруссія» за аўторак піша на першай паласе пра Лукашэнку ў Казахстане, фестываль у Канах і вынікі выбараў у Іспаніі. Пра дэвальвацыю — толькі на другой старонцы. Тое самае і «Звязда».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?