Еўрапарламент заклікаў Еўракамісію, Раду ЕС і краіны — партнёры Еўрасаюза «пашырыць абмежавальныя меры ў дачыненні да беларускага рэжыму, у тым ліку ўвесці кропкавыя эканамічныя санкцыі ў дачыненні прадпрыемстваў, якія належаць дзяржаве».Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі аб сітуацыі ў Беларусі, прынятай 12 мая на сесіі ў Страсбургу. Тэкст дакумента апублікаваны на афіцыйным сайце Еўрапарламента.
У рэзалюцыі рашуча асуджаюцца усе абвінавачаньні, прад’яўленыя па справе аб масавых беспарадках, якую Еўрапарламент назваў палітычна матываванай. У дакуменце таксама адзначаецца, што
ўсе абвінавачванні супраць кандыдатаў у прэзідэнты Уладзімера Някляева, Віталя Рымашэўскага, Мікалая Статкевіча, Дзмітрыя Вуса і Андрэя Саннікава з’яўляюцца «незаконнымі і недапушчальнымі».
ЕП таксама асудзіў праяўленую беларускімі ўладамі непавагу да правоў грамадзян на свабоду сходаў і свабоду слова і заклікаў да
неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх затрыманых па справе аб масавых беспарадках.
Еўрапарламент выказаў занепакоенасць у сувязі з пагаршэннем становішча праваабаронцаў у Беларусі. У прыватнасці, у рэзалюцыі рашуча
асуджаюцца Аляксандр Лукашэнка і шэраг журналістаў дзяржаўных СМІ, якія назвалі старшыню незарэгістраванай праваабарончай арганізацыі «Вясна» Алеся Бяляцкага «пятай калонай ў краіне». Рэзалюцыя асуджае «атмасферу страху і запалохвання палітычных апанентаў» у Беларусі.
У дакуменце Еўрапарламент таксама асуджае ціск і перасьлед з боку ўладаў у дачыненні незалежных журналістаў і СМІ.
Еўрапарламент заклікаў спыніць ініцыяваную Міністэрствам інфармацыі працэдуру закрыцця газет «Народная Воля» і «Наша Ніва», зняць абмежаванні па доступе да сайтаў«Хартыя-97» і «Беларускі партызан», а таксама вызваліць журналіста Андрэя Пачобута.





