Пяты дзень працэсу над Някляевым, Рымашэўскім, Вазняком, Фядутам, Палажанкай і Дзмітрыевым пачаўся з урачыстага віншавання апошняга.Андрэю Дзмітрыеву 12 мая споўнілася 30 гадоў. Паплечнікі яго сустрэлі з кветкамі яшчэ перад будынкам суда, а непасрэдна ў залі першым яго павіншаваў пасол Германіі спадар Вайль. Павіншаваў і Уладзімір Някляеў — букетам кветак і прамовай. «Дзякую табе, Андрэю, за тое што ты зрабіў у выбарчым штабе. Гэта была адна з найлепшых кампаній, якія праводзіліся ў Беларусі», — заявіў ён Дзмітрыеву. Былі таксама падарункі ад Аляксандра Фядуты — кнігі, і ад Насты Палажанкі.
Святочная атмасфера, якая ўсталявалася ў зале, знікла адразу пасля пачатку судовага паседжання. Суддзя адно за другім адхіліла тры хадайніцтвы абароны. Спачатку адмовілася заслухаць на працэсе паказанні сведкі абароны Аляксандра Мілінкевіча, матывуючы гэта яго адсутнасцю ў будынку суда ў дадзены момант (варта дадаць, што бліжэй абеду Мілінкевіч усё ж прыехаў у суд, аднак і тады яму было адмоўлена. Суддзя паведаміла, што невядома ў якасці каго Аляксандр Мілінкевіч браў удзел у акцыі 19 снежня 2010 года).
Затым адмовіла ў задавальненні хадайніцтва У.Някляева, які каторы ўжо раз прасіў выключыць матэрыялы, датычныя працы кампаніі «Гавары праўду», з крымінальнай справы. А ў дадатак не пагадзілася, каб адвакаты зачыталі паказанні кіроўцы мікрааўтобуса, які перавозіў гукаўзмацняльную апаратуру і быў спынены на вуліцы Калектарнай. Галоўны фігурант працэсу ўспрыняў адмову ў трох хадайніцтвах ў штыхі.
«Калі вы гэтыя матэрыялы не далучыце да справы, то я ўсё, што тут адбываецца, буду лічыць неправамоцным. І не буду прымаць да ўвагі», — эмацыйна заявіў Някляеў суддзі.
Пасля гэтага працэс працягнуўся чытаннем матэрыялаў справы. Пракурор Кажэўнікаў чытаў надзвычай невыразна, чым выклікаў нават заўвагу з боку адвакатаў. Што праўда, невыразнасць чытання кампенсавалася хуткасцю. Ужо праз гадзіну пракурор папрасіў у сакратаркі чацвёрты том (за ўвесь мінулы дзень быў зачытаны толькі першы том матэрыялаў справы). Манатонны голас пракурора стаміў не толькі адвакатаў і прысутных у зале, але і абвінавачаных. У выніку яны заняліся сваімі справамі, збольшага чыталі кнігі і паведамленні ў тэлефонах, Андрэй Дзмітрыеў абнаўляў навіны з суда ў сваім твітэры (дарэчы, за апошнія дні яго дадалі да сваіх сяброў больш за 350 чалавек). Але далей за астатніх зайшоў Віталь Рымашэўскі — ён вырашыў перакусіць шакаладкай. Такога свавольства суддзя Жукоўская вынесці не змагла і перарвала працэс, накінуўшыся на Рымашэўскага.
«Гэта ўжо пераўзыходзіць усе межы. Я даю вам трэцяе папярэджанне, апошняе. Вы можаце быць выдалены з залы да канца працэсу», — эмацыйна заявіла яна.
Сустаршыня БХД не разгубіўся і выдаў: «Я не супраць». Аднак да выдалення падсуднага з залы не дайшло. Суддзя загадала адвакатам дысцыплінаваць падабаронных і абвясціла спецыяльны перапынак для гэтага.
Далей званне героя дня пераняў Аляксандр Фядута.
Спачатку пракурор паспрабаваў зачытаць раздрукоўку размовы А.Фядуты са следчым КДБ, якая адбылася ў Амерыканцы 24 снежня. Размова мела прыватны характар і следчы загадзя папярэдзіў Фядуту, што яна не будзе выкарыстоўвацца ў матэрыялах справы. Такі намер пракурора выклікаў рэзкую рэакцыю ў адвакатаў і абвінавачаных.
«Гэта несумленны крок. Я адмаўляюся гэта ўсё слухаць. Нават дачытаць не змог да канца — там рэчы інтымнага характару. Калі вы будзеце чытаць гэтую паперу, то я дэманстратыўна заткну сабе вушы», — заявіў Сяргей Вазняк(ён меў магчымасць азнаёміцца са зместам размовы падчас вывучэння матэрыялаў справы). Супраць агучвання прызнанняў Аляксандра Фядуты выступіў і У.Някляеў, а таксама адвакаты, матывуючы свой пратэст незаконнасцю далучэння зместу прыватнай размовы да матэрыялаў справы. «Мы ўсе такія размовы вялі, аднак толькі размова Фядуты была далучаная да справы», — паведаміў С.Вазняк.
Пратэсты падзейнічалі. Суддзя пасля дзесяціхвіліннага перапынку вырашыла прапусціць тэкст размовы Фядуты са следчым у КДБ. Аднак для самога Фядуты гэта было толькі пачаткам. Наступныя паўтары гадзіны судовага паседжання былі прысвечаныя зачытванню раздруковак яго тэлефонных размоваў. Матэрыялы праслухоўвання былі ў асноўным датаваныя перыядам непасрэдна перад падзеямі 19 снежня, значная частка з іх была зробленая ўжо пасля збіцця Някляева. Была там і знакамітая ўжо размова з жонкай Уладзіміра Някляева Вольгай, калі А.Фядута папрасіў перадаць «правадыру, што нашы ўвайшлі ў Дом урада». Аднак у асноўным размовы мелі прыватны характар і датычылі агульнавядомых падзей вечара 19 снежня. У выніку спадар Фядута нават выступіў з заявай.
«Ужо відавочна, што маё затрыманне не было абгрунтавана той інфармацыяй, якая была ў следства. Лічу сваё затрыманне неправамоцным», — заявіў суддзі А.Фядута.Суддзя яго выслухала і заклікала пракурора працягваць чытанне матэрыялаў справы.
Агучванне тэлефонных перамоваў спадара Фядуты выявіла адзін цікавы факт. Да матэрыялаў справы далучаныя размовы абвінавачанага з вялікай колькасцю асобаў, а адзін з тэлефонных нумароў, які напярэдадні 19 снежня 2010 году злучаўся з нумарам А.Фядуты, быў зарэгістраваны на пасольства Швецыі ў Беларусі. Раздрукоўка размовы яго ўладальніка з абвінавачаным таксама далучаная да справы. Адвакаты звярнулі увагу суддзі на гэта, аднак іх заўвага не мела вынікаў.
Пасля абедзеннага перапынку быў заслуханы адзіны щ той дзень сведка — Віктар Чарнабай, які стаў ужо 26-м сведкам, выкліканым на працэс. Вечарам 19 снежня ён стаяў у ачапленні ДАІ на Кастрычніцкай плошчы. Паказанні Чарнабая нічым не адрозніваліся ад паказанняў іншых даішнікаў. Адзінай адметнасцю было тое, што Чарнабай ацаніў колькасць пратэстоўцаў у 15 тысяч чалавек.
Рэшта дня прайшла ў манатонным чытанні матэрыялаў справы. Прычым пракурор рабіў відавочныя поспехі што да хуткасці чытання. Калі за палову
Да канца паседжання ў чацвер у зале даседзелі толькі сем слухачоў. Наста Палажанка нават пажартавала, што ў гэтым вінаваты А.Дзмітрыеў, які занадта падрабязна і цікава апісвае ўсе падзеі працэсу ў сваім мікраблогу.
Працэс працягнецца 13 мая, а





