У аўторак прайшоў пяты тур чэмпіяната Беларусі па футболе. У адзінаасобныя лідары выйшаў барысаўскі БАТЭ.

У першым матчы дня сустракаліся мінскае «Дынама» і наваполацкі «Нафтан». Пачатак гульні быў, а 17:00. Цікава, для якіх заўзятараў яго праводзілі, калі большасць мінчукоў у той час яшчэ была на працы.

Лёс сустрэчы вырашыўся ў першым тайме, калі мяч у вароты гаспадароў забіў «нафтанавец» Гарбачоў. «Дынама» атакавала, але нават зраўняць лік не змагло. Гэта ўжо чацвёрты запар матч мінчан без забітых галоў.

Пад трэнерам «дынамаўцаў» Алегам Васіленкам закалыхалася крэсла. Генеральны дырэктар каманды, бізнесмен Юры Чыж не любіць лічыць да двух.

Абсалютна ўнікальны выпадак адбыўся ў сустрэчы «Дынама» (Брэст) і БАТЭ. Дубль у сустрэчы аформіў абаронца гаспадароў Аляксей Панкавец. Цымус у тым, што

аднафамілец аўтара гэтых радкоў аформіў дубль у свае вароты. Так і ў лепшыя бамбардзіры барысаўцаў выйсці можа. БАТЭ перамог з лікам 3:0.

Прынцыповая сустрэча паміж медалістамі мінулага першынства «Шахцёра» і «Мінска» скончылася перамогай першых. Адзіны гол напрыканцы сустрэчы забіў Аляксандр Алумона.

У стане лідараў першынства нечакана знаходзіцца бабруйская «Белшына». Сёння каманда Аляксандра Сяднёва выйграла ў «Віцебска» — 1:0.

Астатнія вынікі тура: «Тарпеда» — «Гомель» — 1:1, «Дняпро» — «Нёман» — 1:1.

Турнірная табліца пасля пяці тураў мае наступны выгляд:

БАТЭ — 11 пунктаў, «Белшына» — 10, «Гомель», «Шахцёр» — па 9, «Тарпеда-БЕЛАЗ» — 8, «Нафтан» — 7, «Дынама» (Брэст), «Мінск», «Дынама» (Мінск), «Нёман» — па 5, «Віцебск» — па 4, «Дняпро» — 2.
Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?