У гэтыя дні ў Інстытуце журналістыкі БДУ праходзіла навуковая канферэнцыя студэнтаў і аспірантаў, удзел у якой узялі і журналісты дзяржаўных СМІ. Алена Яловік, рэдактарка аддзела творчых праектаў газеты «7 дней», свой даклад звязала з катастрофай, што адбылася ў панядзелак, і тэрарызмам у прынцыпе.
— Пазбавіць тэрарыста асобы, імя і голаса — гэта значыць перакрыць яму кісларод. Не трэба гаварыць пра тэрарыстаў столькі, колькі гавораць пра іх сёння СМІ. Злачынцы не вартыя таго. Паказаць і расказаць трэба пра пажарных, працаўнікоў хуткай дапамогі, пацярпелых і тых, хто ратаваў параненых. Вось што важна. А страшная праўда — гэта самае страшнае ўзрушэнне. Негатыўныя навіны даюць высокія рэйтынгі. Але іх у СМІ павінна быць менш.
Лакіраваць рэчаіснасць — гэта, вядома, не новае слова ў журналістыцы. Дзіўна толькі, што гэтыя заклікі гучаць у XXI стагоддзі, калі інфармацыйныя тэхналогіі проста перакрэсліваюць намаганні прапагандыстаў па ўтойванні праўды.





