Цяпер разам з меркаваным тэрарыстам, магчыма, затрымалі ягонага бацьку… Чым больш звестак, тым больш дзіўнотаў. Адно выглядае пэўным: галоўны падазраваны меў цягу да шыкоўнага жыцця. Інтрыгоўныя дэталі сабралі журналісткі «Камсамолкі».

У сацыяльных сетках падазраваны зрабіў старонку пад чужым імем.

У сацыяльных сетках падазраваны зрабіў старонку пад чужым імем.

Фотаробат падазраваных.

Фотаробат падазраваных.

Віцебскую ўскраіну, дзе жывуць падазраваныя, мясцовыя жыхары называюць раёнам рабацяг. Вакол старыя дамы з пакрыўленымі дахамі, абшарпаныя пяціпавярховікі. Едзем узбоч прамысловай часткі Віцебска: заводскія муры, бясконцыя каміны.

Спыняемся ля прахадной завода, на якім працуе галоўны падазраваны, той самы, які, згодна з версіяй следства, прынёс бомбу ў метро.

— Дык непрыкметны ён! Яго мала і заўважалі. Не піў, не курыў. Ва ўсякім выпадку, заўважаны не быў. Працу рабіў спраўна. Як токар, ён мог рабіць розныя дэталі. Тыпу на бальнічным з 5 красавіка, — распавёў рабочы завода. — Заробкі ў нас невялікія. Сярэдні — мільён чатырыста. Ён, можа, і менш палучаў. Даўно ў нас: як пасля ПТВ прыйшоў, так да арміі і працаваў. Пасля службы вярнуўся.

— Можна вынесці гайкі з вашага завода?

— У нас металашукальнік стаіць. Дый нашто? Пайшоў і купіў на рынку ўсё за тры рублі. Не канечне для гэтага на заводзе працаваць. А пальцы ў нас яшчэ два гады таму адкаталі, пасля мінскага выбуху 2008 года. Мужчын сабралі ў актавай зале, знялі адбіткі пальцаў. А ён у гэты час мог і ў войску быць.

Па прасёлкавай дарозе дабіраемся да дома падазраванага, міма школы, у якой ён вучыўся. Па дарозе высвятляем: на раёне многія ведаюць, каго менавіта затрымалі. Нагадаем, у Мінску на здымнай кватэры, праз суткі пасля выбуху, затрымалі траіх — меркаванага выканаўцу тэракту, ягонага сябра дзяцінства (таксама ўраджэнца Віцебска) і дзяўчыну. А праз некалькі дзён пасля выбуху ў Віцебску затрымалі яшчэ двух — былога аднакласніка і, паводле непацверджаных звестак, бацьку галоўнага падазраванага.

— Я добра ведаю аднаго з іх, мы сябравалі. Ён ціхі, нават трохі баязлівы, малым за тату хаваўся. Два іншых — дзіўныя, я з такімі не ваджуся, — распавяла «Камсамолцы» суседка падазраваных, паказваючы на вокны хлопцаў, якія жылі ў суседніх пад’ездах. — У чым дзівацтва? Ды не ведаю, слізкія нейкія, непрыемныя…
Пра гэтую кампанію распавядаюць ахвотна, ператрусы бачылі многія. Аднак сказаць пра хлопцаў амаль няма чаго.

Кватэра, у якой жыве падазраваны ў тэракце, цяпер пустуе. Суседзям расказаць пра яго сям’ю практычна няма чаго, замкнёныя былі. Многія толькі адзначаюць, што малодшы (галоўны падазраваны) шмат з кім не вітаўся, сабе на ўме…

Кампанія затрыманых хлопцаў, на першы погляд, тыповая. Такіх шмат у любым заводскім раёне. Вечарамі хлопцы збіраюцца на лавачках папіць піва ці чаго мацнейшага.

— Ён мог і не толькі піва — і гарэлкі выпіць, — успамінаюць прыяцелі. — І перабраць мог, і песні гарланіць. Але каб бомбу!.. У гэта не верыцца…

— Наколькі ведаем, затрымалі і хлопца, і ягонага бацьку. Бацька — гадзіннікавы майстар, спецыяліст па механічных гадзінніках. Іхную кватэру абшуквалі пасля выбуху ў Віцебску ў 2005 годзе, як і кватэры іншых гадзіннікавых майстроў (падчас выбуху ў Віцебску выбухоўка была нашпігаваная дэталямі ад гадзіннікаў). Тады ў іх нічога крымінальнага не знайшлі. Я ведаю пра гэта, бо быў падчас таго ператрусу панятым, — распавёў сусед галоўнага падазраванага. —
Сапраўды, мне здаецца, што для такой справы ў яго ў галаве чагосьці бракуе. Дый выпіць ён любіў, пагуляць. А ад выпіўкі рукі трасуцца! А бо каб падарвацца, дастаткова толькі пары грамаў таго рэчыва і аднаго неасцярожнага руху.

Ператрэслі і двух віцебскіх прыяцеляў затрыманых. Па дадзеных следства, у падазраванага была падпольная лабараторыя, якая знаходзілася ў падвале дома. Менавіта там вырабілі бомбу.

— Дык зазіраў я ў гэты склеп. Ён сам прапанаваў. Сказаў: «Зірнем, ці не зарасло павуціннем». Усё пуста, толькі стол стаяў. І больш нічога. Пакойчык маленькі, — распавёў столяр-станочнік з суседняй вуліцы.

Бацькі хлопца, якога затрымалі ў Віцебску на другі дзень пасля выбуху (ён сябраваў з падазраваным у тэракце), да гэтага часу не могуць прыйсці ў сябе.

— Нашага адзінага сына забралі 13 красавіка. З нашай віцебскай кватэры. Ды ў яго па хіміі тройка! Ніякай бомбы ён вырабіць не мог.
Да вучобы ў яго не было памкнення, атэстат сярэдні, толькі па геаграфіі пяць балаў. Працаваць захацеў рана. Скончыў дзевяць класаў, перайшоў у вечаровую школу. Пачаў падзарабляць у 15 гадоў — на перацяжцы мэблі, у прыватніка. Потым пайшоў на нарыхтоўку лесу. Яшчэ ў школе скончыў курсы столяра-цесляра. У 18 гадоў яго ўзялі на працу на лесанарыхтоўкі. Ён хударлявы, сярэдняга росту: прыкладна метр семдзесят пяць. Хоць на працу пайшоў цяжкую: валілі лес, абсякалі сучкі. Працаваў як дарослы мужчына.

Зарабіў першыя грошыкі, назапасіў трохі. Праз дзевяць месяцаў ўзяў крэдыт у банку шэсць мільёнаў, купіў сабе першую машыну «Фольксваген Пасат». Яму тады 18 гадоў было.

У войска не пайшоў праз траўму. Яшчэ сын вельмі баіцца замкнёных прастор, пакутуе на клаўстрафобію.

Нядаўна ён нарэшце выспеў для сямейнага жыцця, знайшоў дзяўчыну, распісаліся яны ў сакавіку. У канцы мая чакаюць дачку. Увесь час ён дома быў, дамасед, сямейны чалавек. Спяшаўся пасля працы да жонкі. Прадаў старую машыну, каб купіць лепшую. Ды ён рабацяга!

У панядзелак, 11 красавіка, ён увесь дзень да чацвёртай вечара быў на працы ў Віцебску. Потым прыехаў дадому. І ва аўторак быў на працы.

І ў сераду прыйшоў дадому ў звычайны час. У рабочай форме зайшоў у кватэру. Здзівіўся: «А што гэта такое?». А тут у нас ператрус. Папрасілі паказаць наш падвал. Мы сказалі, што нічога там не захоўваем, ён пусты, малюпасенькі, квадратны, паўтара на паўтара метра.
Зайшлі ў падвал, там тумбачка стаяла. Супрацоўнікі органаў аддзёрлі аббіўку са сцен з ДВП. А пад ДВП на ніжнім слоі быў малюнак, надпісы, якія гадоў шэсць таму зрабілі. Дурныя малюнкі. Сын сказаў, што гэта не ён размалёўваў, а сябар. Ён наогул не малюе. Гэты кавалак супрацоўнікі павезлі з сабой. Потым і хлопчыка нашага забралі… У чацвер мы даведаліся, што ён у СІЗА ў Мінску.
Што пішуць у сацсетках: «Улюбёны занятак — піць піва з кальмарамі»
Галоўны падазраваны ў здзяйсненні тэракту — малады чалавек з дзівацтвамі. Так аб ім адгукаюцца суседзі. Маўляў, скрытны, сабе на ўме, можа не павітацца. Пра гэта сведчыць і інфармацыя ў Інтэрнеце.
Хлопец зарэгістраваўся ў сацыяльных сетках пад чужымі імем і прозвішчам. Як распавёў «Камсамолцы» прыяцель затрыманага, новае прозвішча выбраў з тэлевізара.
— Яму спадабаўся адзін серыял пра вайскоўцаў. А ён якраз толькі з войска вярнуўся. Але ў яго яшчэ і мянушка ёсць — скарочанае ад гэтага імя. Так яго любілі называць дзяўчаты…
Тое, што хлопцу хацелася прыгожага жыцця, відаць няўзброеным вокам. Ён на ўсю моц красуецца з фатаграфій на сваёй старонцы: то ў абдымку з эфектнымі бландынкамі, то з пякучымі брунэткамі, то ўмела пазуе з талеркай сушы. Часта — за сталом, абстаўленым бутэлькамі са спіртным. Пахабныя анекдоты на старонцы затрыманага могуць прачытаць усе ахвотныя.
А вось пасаду генеральны дырэктар, якой ён сябе шчодра надзяліў, — толькі сябры. Прычым не стаў драбніць і вырашыў «кіраваць» маштабным прадпрыемствам, на якім працаваў толькі… токарам.

Прычым выказаў прэтэнзіі і да дзяўчат. Маўляў, не прымаю дам з кароткай стрыжкай і ў шырокіх штанах. Любімы занятак — піць піва з кальмарамі, любуючыся на зорнае неба.

Пасля такіх малюнкаў слаба верыцца ў водгукі калегаў. Маўляў, хлопец ціхі, непрыкметны, не піў, не курыў…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?