Старшыня дзяржсавета Кубы Рауль Кастра прапануе абмежаваць знаходжанне на найвышэйшых палітычных пасадах краіны двума тэрмінамі па пяць гадоў,

паведамляе Бі-Бі-Сі.

Пра гэта Кастра заявіў у сваёй прамове на адкрыцці першага за апошнія 14 гадоў з’езду кампартыі краіны.

Ён заявіў, што партыйнае кіраўніцтва мае патрэбу ў абнаўленні і павінна быць здольным на сур’ёзную самакрытыку.

79-гадовы Рауль Кастра змяніў свайго брата Фідэля на найвышэйшай палітычнай пасадзе Кубы ў 2008 годзе. Усяго браты знаходзяцца ва ўладзе на працягу 52 гадоў.

Выказаная Раулем прапанова аб абмежаванні тэрмінаў кіраўніцтва не мае прэцэдэнтаў у камуністычнай «гісторыі вострава свабоды».

Асноўная ўвага ў сваёй прамове на адкрыцці з’езду ён засяродзіў на планах знізіць ролю дзяржавы ў эканоміцы і на заахвочванні прыватных прадпрыемстваў.

Паводле яго словаў, Кубе спатрэбіцца па меншай меры пяць гадоў, каб абнавіць існуючую эканамічную сістэму.

Рауль Кастра паабяцаў захаваць бясплатную адукацыю і ахову здароўя, аднак заявіў, што дзяржаўныя выдаткі будуць «рацыяналізаваныя», а субсідаванне тавараў першай неабходнасці будзе спынена.

Між тым кіраўнік краіны папярэдзіў, што сацыялізм на Кубе «непарушны» і што назапашванне уласнасці дазволена не будзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0