Расейскі навуковец: выбух у Фукусіме не падобны да Чарнобыля, вялікай катастрофы не будзе
«Гэта не хуткая рэакцыя тыпу чарнобыльскай, калі бабахнула, а потым паўстаў пажар. Гэта больш падобна да аварыі на Трымайл-Айлэнд».
Тое, што адбываецца на японскай атамнай станцыі «Фукусіма-1», не падобна на тое, што адбывалася ў Чарнобылі. У гэтым упэўнены першы намеснік дырэктара расійскага ядзернага даследчага цэнтра «Курчатаўскі інстытут» Яраслаў Штромбах.
«Гэта не падобна на Чарнобыль, — сказаў ён у інтэрв’ю ІТАР-ТАСС. — І рэакцыі тыпу чарнобыльскай там не можа быць». Паводле яго слоў, тое, што адбываецца на АЭС у Японіі, звязана з разаграваннем рэактара з прычыны блэкаўта — поўнай страты электразабеспячэння — і зніжэннем ўзроўню вады ў ахаладжальных контурах.
«Гэта больш падобна да аварыі на Трымайл-Айлэнд у ЗША», — адзначыў Штромбах.
На АЭС «Фукусіма-1» выкарыстоўваюцца рэактары тыпу BWR: так званыя рэактары кіпячай вады.
«У выніку рэактар пачаў разагравацца, — нагадаў Штромбах. — Але гэта не хуткая рэакцыя тыпу чарнобыльскай, калі бабахнула, а потым паўстаў пажар. Тут ключавое значэнне маюць рэшткі энерговыдзялення».
«Гэта непрыемная рэч, — дадаў ён, — але, думаю, усё абмяжуецца межамі пляцоўкі, і вялікі катастрофы не здарыцца».
СГ
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ