Прадстаўнікі інтэлігенцыі Санкт-Пецярбурга склалі адкрыты ліст да міжнароднай супольнасці з нагоды паслявыбарчых рэпрэсій у Беларусі. Да звароту далучыліся пісьменнік Барыс Стругацкі, рок-музыка Вадзім Курылёў, гісторык Сяргей Бялецкі,
а таксама журналісты, інжынеры, юрысты не толькі з Пецярбурга, але і з іншых гарадоў Расіі.

Ініцыятараў ліста закранула тое, што «разнастайныя імітацыйныя грамадскія структуры» маюць нахабства выступаць ад імя «расійскай інтэлігенцыі» ў падтрымку рэжыму Лукашэнкі.

«Мы, пецярбуржцы — прадстаўнікі навукі, культуры, мастацтва, юрыспрудэнцыі, журналістыкі — не можам застацца ўбаку ад таго, што адбываецца. Мы далучаем свае галасы да пратэсту ўсіх сумленных людзей у Еўропе, ЗША, ва ўсім свеце. Мы высока ацэньваем учынак еўрапейскіх дыпламатаў і кіраўнікоў дзяржаў, якія не пажадалі браць удзел у ганебнай „інаўгурацыі“ Аляксандра Лукашэнкі», — адзначаецца ў лісце, скіраваным у структуры ЕС у Брусэль.

Пецярбуржцы заклікаюць палітыкаў, дыпламатаў, журналістаў, проста неабыякавых людзей усяго свету не заставацца ўбаку ад «трагедыі, што адбываецца практычна ў самым цэнтры Еўропы», усімі даступнымі сродкамі дабівацца вызвалення арыштаваных, а таксама «улічыць небяспеку, што сыходзіць ад непрадказальнага і некіраванага дыктатара краіны, тэрыторыя якой з’яўляецца стратэгічным, у тым ліку і вайсковым плацдармам».

Ад цвёрдасці пазіцыі Еўропы і свету ў дачыненні да беларускага рэжыма залежыць, ці паўторацца на постсавецкай прасторы сталінскія і нацыстскія злачынствы, адзначаецца ў лісце.

Як паведаміла «НН» адна з ініцыятарак стварэння звароту, журналістка Святлана Гаўрыліна, подпісы пад ліст працягваюць дадавацца. Далучыцца да ініцыятывы можна тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?