Позна ўвечары 26 студзеня з «амерыканкі» выпусцілі кіраўніка выбарчага штабу Андрэя Саннікава Уладзіміра Кобеца. «Нашай Ніве» удалося пагаварыць з былым вязнем.
«НН»: Калі і як вас выпусцілі?
Уладзімір Кобец: Вельмі нечакана, учора позна ў вечары. Спачатку выклікалі на звычайны допыт. Нічога не указвала на тое, што адпусцяць. Допыт прайшоў без нейкіх асаблівых абяцанняў. Ніхто мне не гаварыў, што маюць змяніць меру стрымання. А потым, калі ўжо завялі назад у камеру, то праз некаторы час прынеслі паперы аб меры стрымання і падпіску аб нявыездзе.
Спадзяюся, што пачнуць выпускаць і іншых вязняў. Хацелася б не памыліцца.
Уладзімір Кобец. Архіўнае фота Юліі Дарашкевіч.
«НН»: Вас прасілі напісаць ліст да Лукашэнкі, альбо даць інтэрв’ю БТ?
УК: Не. Ніхто мяне ні аб чым такім не прасіў. Проста прынеслі паперы аб змене меры стрымання і адпусцілі.
«НН»: За той час, што вы правялі ў СІЗА КДБ, удалося пабачыць яшчэ некага з «палітычных»?
УК: За тыя 36 дзён, што я правёў у «амерыканцы», нікога з
«НН»: Як можаце ацаніць час, праведзены з «амерыканцы»? Стаўленне да вас?
УК: Гэта не курорт, не санаторый — гэта турма. Нельга сказаць, што там добра — гэта будзе лухтой. Але і сказаць, што там гвалт — таксама няпраўда.
«НН»: Вы атрымоўвалі ўсе перадачы і лісты, якія вам перасылалі?
УК: Перадачы ўсе. Акрамя таго, што было забаронена перадаваць. Хачу вельмі моцна падзякаваць за іх, бо гэта моцная падтрымка. Адчуваць, што на свабодзе нехта клапоціцца аб табе, было вельмі прыемна і неабходна. Кожны дзень, калі атрымоўваеш перадачу з волі, кожная такая перадача былі моцнай падтрымкай.
А што датычыць лістоў, то я за ўвесь час знаходжання ў СІЗА атрымаў толькі два. І толькі два маіх лісты дайшлі.
«НН»: Якія вашы планы зараз? Чым плануеце заняцца?
УК: Цяпер я ў сям’і. Рады, што магу бачыць жонку. Першы час хачу засяродзіцца на родных і блізкіх людзях.
Увогуле, мне трэба агледзецца, адсачыць, што адбывалася за гэтыя 36 дзён у краіне. Там я не меў такой магчымасці, практычна нічога не ведаю. Зараз хачу атрымаць інфармацыю аб тым, што адбываецца ў краіне.
А самае галоўнае, трэба падумаць, як дапамагчы тым, хто пакуль за кратамі.
Ад Рэдакцыі. Цікава, што Уладзімір Кобец не атрымаў у турме ніводнага нумара «Нашай Нівы», хоць сям’я і падпісала яго на гэтую газету.





