Студэнцкую моладзь ператвараюць у пакорлівы статак, абяцаючы за гэта «працу і спакойнае жыццё».

«Студэнтам МДЛУ забаранілі карыстацца галоўным уваходам будынка і прымусілі пакідаць Універсітэт праз задні праход». Гэта не фрагмент зводкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях пра экстраную эвакуацыю студэнтаў з ахопленага полымем навучальнага корпуса. Гэта ўрывак з онлайн-трансляцыі з сайта Аб’яднанай грамадзянскай партыі, прысвечанай сустрэчы яе кандыдата ў прэзідэнты Яраслава Раманчука з выбаршчыкамі. Ён не змог выступіць у актавай зале Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта нібыта з прычыны прарыву каналізацыі. Сустрэчу Раманчуку давялося ладзіць проста на прыступках ягонай alma mater.

Магчыма, двухсэнсоўныя словы пра «выхад праз задні праход» — усяго толькі выпадковая агаворка, народжаная паспешлівасцю, характэрнай для падрыхтоўкі онлайн-рэпартажаў. Але колькі ў ёй зусім невыпадковага сімвалізму! У адным сказе акрэсліваецца месца і роля для будучай эліты Беларусі, так, як гэта бачыцца сённяшняй уладзе. Ва ўніверсітэце студэнт не толькі атрымлівае пэўную прафесію, але і вучыцца прымаць самастойныя рашэнні, думаць крытычна, фармаваць і адстойваць уласныя перакананні. Гэта не менш важныя навыкі, чым асноўная спецыяльнасць, бо большасць уладальнікаў дыпломаў у будучыні будзе кіраваць іншымі людзьмі. Гэта норма для цывілізаванага свету. А што ў нас? А ў нас студэнцкую моладзь ператвараюць у пакорлівы статак, які амаль не супраціўляецца ўшчамленню сваіх правоў. Хтосьці можа прыгадаць масавыя акцыі супраць прымусовага размеркавання, ці адмены льгот? А супраць прымусовага датэрміновага галасавання нехта выступае? Чаму так? Мо таму, што ўніверсітэтамі кіруюць людзі, выхаваныя ў сістэме, якая дзесяцігоддзямі дазваляла глядзець на рэшту свету выключна праз «задні праход». І гэтая зашоранасць і пакора перад сістэмай навязліва перадаецца ўсё новым і новым пакаленням. Сістэме гэта толькі і трэба. На фінальным гала-канцэрце прапагандысцкай акцыі «Беларусь — гэта мы!» Аляксандр Лукашэнка агучыў цану «маўчання ягнятаў» — працу тым, хто хоча працаваць, і спакойнае жыццё. Толькі ці будзе тое жыццё спакойным? Плодзячы безыдэйнае, несамастойнае пакаленне, улада ў кароткай перспектыве засцерагае сябе ад непатрэбных ёй пераменаў, а ў доўгатэрміновай выракае краіну на месца ў хвасце чаргі. Тое, што бліжэй да задняга праходу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?