Дасылаю ў адрас газеты «Народная Воля» дзве этыкеткі з хлебных прадуктаў Аршанскага хлебазавода. Розніца ў датах выпечкі хлебцаў — тры дні: 15 і 18 лістапада. Гэтыя даты добра бачныя на этыкетках.

Але за гэтыя дні змянілася назва прадукту: быў хлеб «Маладзецкі» — зрабіўся «Правінцыйны», хоць склад абсалютна той самы. Але галоўнае ў тым, што разам з назвай змянілася і цана: «Маладзецкі» каштаваў 1640 рублёў, «Правінцыйны» — ужо 1850 рублёў
(цэны на этыкетках напісаныя мною).

Скажаце: падумаеш, усяго і розніцы — 210 рублёў (каля 13%). Дробязь! Але гэта — на прадукт, які патрабуецца штодня. У што гэта абыдзецца спажыўцу, палічыце, чытачы, самі.

І гэта толькі адно «непрыкметнае» павелічэнне напярэдадні выбараў. А што будзе з цэнамі, калі Лукашэнку пераабяруць на чарговы тэрмін? Колькі яшчэ жыхароў Беларусі з бадзёрых «малайцоў» ператворацца ў падманутых «правінцыялаў»: бо пачнуць падымаць кошты на ўсё. Колькі такіх «падарункаў» пасыплецца на нашы галовы, і не толькі ў правінцыі…

Таму кожнаму жыхару Беларусі трэба добра падумаць, ідучы 19 снежня да выбарчых скрынак (раней — ні ў якім выпадку!). І хай афіцыйная прапаганда захлынаецца ад хвалы ў адрас цяперашняга прэзідэнта, а нам патрэбны такі, які не толькі на словах будзе любіць народ.

Алег Валевіч, пенсіянер

Аршанскі раён

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?