У Магілёве шостыя суткі галадае Наталля Шкадун, шматдзетная маці, доктар абласной станцыі пералівання крыві, патрабуючы ад уладаў палепшыць яе жыллёвыя ўмовы.

Яна паведаміла, што з 1999 года стаіць на чарзе на жыллё як шматдзетная маці. У яе пяцёра дзяцей: старэйшай дачцэ 28 гадоў, а малодшаму сыну — 10. Сям’я пражывае ў трохпакаёвай кватэры агульнай плошчай 63 кв. м.

Гэтай шматдзетнай сям’і, згодна з законам, патрэбна жыллё агульнай плошчай не менш як 117 кв. м.

«На працягу ўсіх гэтых гадоў уладамі не прапаноўваліся канкрэтныя варыянты жылля, — сцвярджае шматдзетная маці. — Я рэгулярна здавала ўсе даведкі. Звярталася ў адміністрацыю Ленінскага раёна Магілёва, і мне было прапанавана будаўніцтва ў 2006 годзе. У той час жыллём ужо забяспечваліся шматдзетныя сем’і, якія стаялі на ўліку ў 2005–2006 гадах. Я пачала высвятляць, чаму такая сітуацыя стала магчымай. Мне напісалі, што мяне не змаглі знайсці».

Пры гэтым Наталля Шкадун указвае, што за гэтыя гады яна паспела атрымаць Ордэн Маці, яе ўвесь час запрашалі на розныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню маці, было атрымана пасведчанне шматдзетнай сям’і, запоўнены пашпарт шматдзетнай сям’і. «Яны выдатна ведаюць, дзе я жыву, але выдзеліць жыллё не лічаць патрэбным, — упэўнена жанчына. — Уладамі мэтанакіравана праводзіцца праца, каб я не атрымала жыллё».

Начальнік аддзела будаўніцтва Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Дудараў не згодны з такім сцвярджэннем і заявіў БелаПАН, што Наталлі Шкадун неаднаразова прапаноўваліся розныя варыянты жылля, ад якіх яна адмаўлялася. Так, апошнім разам ёй былі прапанаваныя дзве кватэры — адна- і трох пакаёвая, размешчаныя ў адным пад’ездзе на першым паверсе дома ў раёне Магілёўскай абласной бальніцы. Аднак яна адмовілася з-за таго, што побач знаходзіцца смеццязборнік.

Наталля Шкадун указвае, што апошняе прапанаванае ёй жыллё было выведзена з разраду сацыяльнага жылля. Яе абурае якасць унутранага аздаблення кватэры, дзе крывыя сцены і столь. Акрамя таго, яна таксама адмаўляецца жыць побач з кантэйнерамі для смецця.

Жанчына адзначае, што раней ёй прапаноўвалася жыллё ў недабудаваных дамах або ў дамах, будаўніцтва якіх закансервавана. Іншыя варыянты жылля сям’і Шкадун не прапаноўваліся.

У гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН яна растлумачыла, што адчувае сябе дрэнна, але будзе працягваць галадоўку, падтрымліваючы сваё жыццё вадой. Старэйшая дачка Наталлі — Надзея — таксама правяла аднадзённую галадоўку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?