16 снежня ў Брусэлі адбудзецца саміт Еўрапейскай народнай партыі, прадстаўнікі якой узначальваюць 19 краінаў ЕС і маюць большасць у Еўрапарламенце. Гэта будзе выніковая сустрэча ў 2010 годзе.

У павестцы дня — эканамічная сітуацыя, супольная стратэгія знешняй палітыкі, мірныя працэсы на Блізкім Усходзе і міжрэлігійны дыялог. У працы саміту возьмуць удзел прэзідэнт Еўрапейскай Камісіі Жазэ Мануэль Барозу, прэзідэнт Еўрапарламента Ежы Бузэк, прэзідэнт Еўрапейскага Савета Херман ван Ромпэй, прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі, канцлер Германіі Ангела Меркель, прэм’ер-міністр Італіі Сільвіа Берлусконі, прэм’ер-міністр Швецыі Фрэдрык Рэйнфельт, прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск, прэм’ер-міністр Латвіі Валдзіс Дамброўскіс, прэм’ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс і іншыя кіраўнікі дзяржаваў-сябраў Еўрасаюзу.

Сярод запрошаных — кароль Іарданіі Абдала, прадстаўнікі краінаў-удзельніц Праграмы «Усходняе партнёрства» — прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі, прэм’ер-міністр Малдовы Улад Філат, апазіцыйныя лідэры з Украіны і Беларусі Юлія Цімашэнка і Аляксандр Мілінкевіч. Кожную краіну прадстаўляе адзін чалавек.

Лідэр руху «За свабоду» зробіць даклад пра сітуацыю ў нашай краіне. Паседжанні саміту ЕНП традыцыйна адбываюцца ў закрытым рэжыме, без удзелу асабістых дарадцаў і асістэнтаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?