Паўторныя выступы па тэлебачанні пачаў кандыдат Алесь Міхалевіч. Як і мінулы выступ, новы ён пабудаваў у форме пытанняў і адказаў. Зноў быў ноўтбук, але ўжо не на паўэкрана.

Адказваў на свае пытанні па-расейску, але часам збіваўся на беларускую. «Асабіста мне, бліжэй беларуская мова, але імкнуся размаўляць на мове суразмоўцы».

На гэты раз ён засяродзіўся на грамадска-палітычных пытаннях. Хвалявання было менш, але ўсё адно заўважалася.

Улады ён не крытыкуе, бо крытыкі і так было шмат. «Нічога новага ўжо не сказаць». Але потым назваў галоўную памылку ўладаў — адсутнасць стратэгічнага бачання развіцця Беларусі. «Праядаліся даходы з нафтаперапрацоўчых заводаў».

«З ціскам уладаў падчас выбарчай кампаніі не сутыкаўся». Разам з тым, прызнаў, што людзей клічуць галасаваць датэрмінова. «Гэтая кампанія праходзіць нашмат больш дэмакратычна, чым папярэднія».

«Самая беларуская якасць — рацыянальнасць», — сказаў кандыдат.

«Нам удалося пабудаваць моцную дзяржаву. Прыйшло ўсведамленне, што трэба жыць у незалежнай дзяржаве», — пра дасягненні Лукашэнкі.

«Прэзідэнт — гэта выканаўчая ўлада. Перайменаванне вуліц, замена сцягоў вырашаецца парламентам, мясцовымі ўладамі».

«Калі эканамічна эфектыўна, то будзем вазіць нафту з Венесуэлы, будзем распрацоўваць іншыя шляхі».

Выказаўся супраць аб’яднання заводаў «Нафтан» і «Палімір», а таксама пераносу музею Вялікай айчыннай вайны.

«Ні Расія, ні Захад не павінны дыктаваць нам, каго абіраць прэзідэнтам. Мы ў стане зрабіць гэта самі».

Што датычыць будаўніцтва атамнай станцыі, то кандыдат Міхалевіч супраць. «Не толькі таму, што гэта эканамічнае неэфектыўна, але мы не зможам тады гаварыць пра тыя праблемы, якія ўзніклі пасля Чарнобылю».

Міхалевіч за любое эканамічнае выгаднае супрацоўніцтва, у тым ліку з Кітаем і Тайванем. Але супраць — у вайсковай сферы.

Да абвінавачванняў «клоўн», «палітычная прастытутка», «спарынг-партнёр Лукашэнкі» ставіцца спакойна. «Калі прыстойныя людзі не будуць ісці ў палітыку, то там застануцца адны непрыстойныя».

«У Беларусі шмат было пабудавана пазітыўнага. Гэта не трэба ламаць, а толькі мадэрнізаваць».

Міхалевіч супраць размеркавання студэнтаў у Чарнобыльскую зону. «Абавязковае размеркаванне павінна быць забытае».

Пра канфлікт Беларусі і Расіі. «Гэта канфлікт лідараў. Ён нікому не патрэбны».

Паабяцаў спыніць вырубку дубоў у Белавежскай пушчы. Сацыяльныя сеткі дапамагаюць Міхалевічу ў выбарчай кампаніі.

«Мне неяк сказалі, што вы апазіцыянер, а нармальны чалавек. Я тады падумаў, якая моцная ў нас прага помсты. Я лічу, што трэба знаходзіць тыя пытанні, у якіх можа быць адно вырашэнне. Напрыклад, павелічэнне колькасці гадзін замежнай мовы ў школе. Разам мы Беларусь», — паўтарыў лозунг Лукашэнкі кандыдат. На гэтым выступ скончыўся.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?