Чаго толькі ні кажуць пра басейны: маўляў, і хламідыі там жывуць, і грыбкі, а ад хлоркі скура сохне і валасы цьмянеюць. Няўжо гэта праўда?

Неразумна лічыць, што ў вадзе басейна няма заразных мікробаў. Яны жывуць там, гэтаксама як і ў любым іншым водным асяродку, хай гэта водаправодная вада або рэчка ў вёсцы. Таму галоўнае ў басейне — гэта сістэма фільтрацыі, якая дазваляе ажыццяўляць няспынную ачыстку вады, што, уласна, і адрознівае басейн, як складанае гідратэхнічнае збудаванне, ад ванны. Вада ў ім не стаіць, а пастаянна цыркулюе на працягу сутак, шасціразова праходзячы ачыстку электролізам і фільтрамі. Некаторыя басейны дэзынфікуюць з дапамогай азону або ультрафіялету. Гэта працэдура — дарагая, таму і цана за білет у такі басейн у разы вышэйшая, чым у «звычайны», дзе ваду па-ранейшаму хларуюць, што значна танней. Але хлор забівае бактэрыі, якія трапляюць у ваду, не адразу, а толькі праз 45 хвілін. А вільготнае, цёплае асяроддзе душавых з’яўляецца ідэальнай умовай для перадачы грыбковых захворванняў.

Цяпер пра немачы, якія адносяцца да групы ЗППШ (захворванняў, якія перадаюцца палавым шляхам). Бытавы шлях перадачы гэтых інфекцый (праз ручнік, мачалку і г.д.) магчымы, але верагоднасць заражэння такім спосабам вельмі малая. Любы шкодны мікроб павінен патрапіць на слізістую абалонку палавых органаў або пранікнуць у кроў і — самае галоўнае — «прыжыцца» там. А для гэтага патрэбен час або сур’ёзная траўма.

Самыя ж частыя «пабочныя эфекты» басейна — гэта кан’юнктывіты (запаленне злучальнай абалонкі вока), атыты (запаленне сярэдняга вуха) і мікозы пазногцяў або ступняў (грыбковыя інфекцыйныя захворванні).

Сцеражыцеся!

Захоўваючы правілы асабістай гігіены, вы ніколі не зведаеце на сабе наступстваў гэтых дробных, але непрыемных хвароб. Такім чынам…

Не глытайце ваду ў басейне! Гучыць смешна, але вельмі часта прычынай расстройства жывата якраз з’яўляецца хлараваная вада.

Не наведвайце басейн у «крытычныя дні», нават калі рэклама сродкаў гігіены запэўнівае вас у адваротным.

Калі вы толькі што перахварэлі на ВРЗ, грып або проста без прычыны адчуваеце слабасць ва ўсім целе, лепш прапусціць наведванне.

Перад наведваннем басейна і пасля прымайце душ і карыстайцеся толькі індывідуальным купальнікам, гумавымі сланцамі і лазневымі прыладамі. Ніколі не перадавайце іх нават лепшаму сябру!

Пасля басейна добра высушыце валасы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?