Міністэрства аховы здароўя настойліва рэкамендуе насельніцтву Беларусі ўзяць удзел у вакцынацыі супраць грыпу.

Як паведамляецца на афіцыйным сайце Міністэрства аховы здароўя, менавіта вакцынацыя дапаможа стварыць высокі ўзровень калектыўнага імунітэту і абмежаваць грыпозную эпідэмію. Прышчэпка абараняе ад захворвання на грып каля 80% здаровых дзяцей і дарослых.

Па стане на 27 верасня ў Беларусь паступіла каля 2 млн. доз супрацьгрыпознай вакцыны.

У гэты дзень пачалася вакцынацыя насельніцтва за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў. За кошт сродкаў дзяржавы будуць прышчэплены людзі, у якіх высокая рызыка развіцця ўскладненняў пасля захворвання на грып: з хранічнымі захворваннямі дыхальнай, сардэчна-сасудзістай і эндакрыннай сістэм, імунадэфіцытамі, людзі, якім больш за 65 гадоў, цяжарныя і іншыя. Акрамя таго, бясплатную прышчэпку атрымаюць дзеці ад 3 да 16 гадоў і людзі, якія ў сілу сваёй прафесійнай дзейнасці маюць вялікую рызыку захварэць на грып: медперсанал, работнікі ўстаноў адукацыі, сферы бытавога абслугоўвання, гандлю і грамадскага харчавання, транспартных арганізацый.

Аптымальны тэрмін правядзення вакцынацыі — з другой паловы верасня да другой паловы лістапада: уздым захворвання на вострыя рэспіраторныя інфекцыі і грып у Беларусі прыпадае на лістапад-сакавік кожнага года. Для стварэння паўнацэннай абароны пасля прышчэпкі арганізму неабходна ад 14 да 30 сутак. Абарончы ўзровень антыцел да захворвання захоўваецца ад некалькіх месяцаў да паўгода, а затым паступова зніжаецца.

На сёння ў Беларусі захворванне на ВРВІ знаходзіцца на неэпідэмічным узроўні і абумоўлена цыркуляцыяй негрыпозных рэспіраторных вірусаў, такіх як адэнавірусы, рэспіраторна-сінтыцыяльны вірус, вірусы парагрыпу.

Разам з тым у перыяд сезоннага ўздыму ВРВІ Міністэрства аховы здароўя нагадвае аб важнасці выканання мер для павышэння супраціўляльнасці арганізму інфекцыі. У прыватнасці, рэкамендавана прымяненне супрацьвірусных мазей і лекаў, лекавых сродкаў, якія садзейнічаюць павышэнню імунітэту: сіропу з пладоў шыпшыны, настойкі араліі, экстракту элеўтэракоку, настойкі і экстракту жэньшэню. Неабходна пазбягаць людных месцаў, старацца больш гуляць на свежым паветры, часцей праветрываць памяшканні, не пераахалоджвацца, пазбягаць стрэсавых сітуацый, якія прыгнятаюць імунную сістэму. Прапануецца таксама часта мыць рукі, загартоўвацца, прымаць па два-тры зубчыкі часнаку штодзённа, разнастаіць рацыён свежай агароднінай і садавіной.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?