Прадстаўнікі апазіцыі не ўключаны ў склад Гомельскай абласной тэрытарыяльнай выбарчай камісіі.

Пасяджэнне па фарміраванні камісіі прайшло 27 верасня. На ўключэнне ў абласную камісію прэтэндавалі прадстаўнікі структур Партыі БНФ, АГП і «Справядлівага свету».

Як паведаміў член АГП Уладзімір Кацора, пры фарміраванні камісіі прадстаўнікі аблвыканкама растлумачылі, што перавага аддаецца тым, хто мае практычны вопыт працы ў выбарчых камісіях. Камісія была сфарміравана з 13 чалавек, туды трапілі прадстаўнікі Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, ЛДП і КПБ.

«Беларускія выбары заўсёды праходзяць без апазіцыі. Не сталі выключэннем і гэтыя, — адзначыў Кацора. — Было б дзіўна, калі б прадстаўнікоў апазіцыі ўключылі ў камісію. Улада спрабуе абставіць працэс уключэння ў камісію дэмакратычна. Бо нават не адну трэцю, а дзве трэція ў створанай камісіі аддалі прадстаўнікам партый і праўладных грамадскіх аб’яднанняў. Але гэта добрая міна пры дрэннай гульні».

Паводле слоў Кацоры, не ўключаныя ў склад раённых камісій члены АГП у Добрушы, Калінкавічах і Буда-Кашалёве. У апошнім горадзе член партыі Уладзімір Цітуленка вылучаўся ў склад камісіі па партыйным спісе, а таксама ад трох груп грамадзян, тым не менш ён не быў уключаны ў камісію.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?