Пагодныя дні бабінага лета на гэтым тыдні зменяцца дажджамі і пахаладаннем, паведаміла галоўны сіноптык Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Вольга Фядотава.

Ужо сёння цыклон, які кружыць каля заходніх межаў, прынёс воблачнасць і дажджы ў многія раёны краіны. У аўторак, 28 верасня, пад уплывам цыклону чакаецца дажджлівае надвор’е. Ноччу і раніцай месцамі — туман. Тэмпература паветра ўначы складзе 7–13 градусаў цяпла, днём яна будзе вагацца ад 11 да 17 градусаў цяпла.

У сераду дажджы таксама пройдуць на большай частцы тэрыторыі Беларусі. Пры гэтым з’явіцца халодны паўночна ўсходні вецер. Тэмпература паветра ў большасці раёнаў на працягу сутак не перавысіць плюс 7–13 градусаў. Толькі днём у Гомельскай вобласці паветра прагрэецца да плюс 15 градусаў.

У другой палове тыдня пачне набіраць сілу халодны скандынаўскі антыцыклон.

Зона ападкаў паступова адціснула на паўднёвыя рэгіёны. Тэмпература паветра ўначы 30 верасня складзе плюс 3–9 градусаў, а па поўначы чакаецца ад нуля да плюс 2 градусаў. Пры гэтым у паўночных раёнах на глебе чакаюцца замаразкі да мінус 1–3 градусаў.

Дзённая тэмпература паветра ў чацвер не перавысіць плюс 5 -11 градусаў.

У пятніцу, 1 кастрычніка, дажджы чакаюцца ў паўднёвай частцы Беларусі. Начная тэмпература стане яшчэ на пару градусаў ніжэйшай.

А днём па-ранейшаму будзе не вышэй за плюс 5–11 градусаў.

Паводле папярэдніх разлікаў, у выхадныя дні пад уплывам скандынаўскага антыцыклону ў асноўным будзе без ападкаў.

Толькі на поўдні Беларусі магчымыя невялікія дажджы. У начныя гадзіны ў многіх раёнах Беларусі чакаюцца замаразкі да нуля — мінус 5 градусаў.

Толькі ў паўднёвых раёнах месцамі будзе плюс 1–4 градусы. Днём тэмпература паветра не перавысіць 6–13 градусаў цяпла.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?