У свеце, напэўна, няма ніводнага чалавека, які хоць бы раз не пакутаваў ад банальнай прастуды. І ў кожнага з нас ёсць свае ўпадабаныя спосабы барацьбы з гэтай немаччу. Аднак пачынаць лячэнне трэба… з дыеты.

Медыкі лічаць, што падчас прастудных захворванняў трэба прытрымлівацца агульных правілаў: харчавацца часта, маленькімі порцыямі, аддаючы перавагу здробненым прадуктам. Пюрэ з агародніны, слізістыя кашы, супы і кісялі — ідэальная ежа для арганізма, які «акупавалі» хваробатворныя вірусы. А вось вострае, салёнае і смажанае лепш выключыць са штодзённага рацыёну. Усе гэтыя прадукты яшчэ больш раздражняюць запалёную слізістую верхніх дыхальных шляхоў і ўзмацняюць яе ацёк.

Прастуджанаму чалавеку трэба выпіваць як мага больш (не менш за 2 літры ў суткі) вадкасці, якая ўвільгатняе слізістую і змывае з яе рэшткі разбураных клетак, а таксама тыя таксічныя рэчывы, што выдзяляюць мікраарганізмы. Пры гэтым вельмі важна сачыць за тэмпературай вадкасці. Калі праявамі хваробы з’яўляюцца гарачка і насмарк, то варта аддаваць перавагу гарачаму пітву. Калі ж прастуда ўскладняецца пяршэннем і болем у горле, то да запалёнай слізістай трэба ставіцца вельмі асцярожна і не траўмаваць яе высокімі тэмпературамі. Гарачая вадкасць дзейнічае на горла, як наждак, выдаляючы паверхневыя слаі запалёнай слізістай. Таму пасля такой «цеплавой працэдуры» чалавек адчувае толькі часовую палёгку. Піць лепш цёплую вадкасць.

Пры хворым горле звярніце ўвагу і на кіслотнасць напояў, якія ўжываеце. Моцна кіслае асяроддзе садзейнічае размнажэнню мікраарганізмаў, таму ўсе напоі павінны быць шчолачнымі або мець нейтральны рН: простая вада, гарбата, какава, адвары лекавых раслін або ягадныя кампоты. А вось журавінавы морс, а таксама сокі з цытрусавых і ананаса пры болях у горле піць не рэкамендуецца. Адмоўцеся таксама і ад газаваных ліманадаў, якія вызначаюцца вялікай агрэсіўнасцю.

«Жывых» вітамінаў, безумоўна, больш за ўсё ўтрымліваецца ў свежай агародніне і садавіне, але, на жаль, не ўсе плады можна бязбоязна ўключаць у рацыён прастуджанага чалавека. Напрыклад, цытрусавыя, якія лічацца сапраўднай скарбніцай вітаміну С, маюць кіслую рэакцыю і раздражняюць слізістую. Менавіта таму апельсінамі, лімонамі і грэйпфрутамі хвораму лепш не злоўжываць. Іх можна замяніць на ківі, у якім утрымліваецца сутачная доза вітаміну С і вялікая колькасць пекціну.

Ні ў якім разе нельга злоўжываць і вінаградам. Рэч у тым, што яго сакавітыя ягады змяшчаюць шмат глюкозы, якая асядае на ротаглотцы, засцілаючы яе слізістую. А як вядома, бактэрыі вельмі любяць салодкае асяроддзе. Менавіта таму медыкі рэкамендуюць пасля любога з’едзенага ласунку паласкаць рот антысептычным растворам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?