Марыюс Ёвайша. фота - svaboda.org

Марыюс Ёвайша. фота - svaboda.org

У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі (Леніна, 20) адкрылася выстава «Нябачаная Літва» фатографа і прадпрымальніка Марыюса Ёвайшы.

На здымках, зробленых з вышыні птушынага палёта, — Літва, Літва, Літва… Тут і вядомыя турыстычныя мясціны: Ковенскі замак і панарама старой Вільні, а таксама куткі невядомыя: незвычайныя выдмы ў запаведніку Наглё, Крыжовая гара, і маляўнічы Білвікіё, мыс на Балтыйскім моры.

Мае фотавыстава і іншае вымярэнне. Неверагодна высокая якасць фотамастацтва тут спалучаецца са справай прасоўвання турыстычнага брэнда «Літва».

— Гэта не альбом, гэта запрашэнне сяброў прыехаць да нас, — кажа пасол Літоўскай рэспублікі Ў Беларусі Эдмінас Багдонас. —Нават для мяне, літоўца, Марыюс адкрыў незведаныя куткі нашай краіны і заклікаў у падарожжа.

Добра пастаўленым голасам на тле ўласных эфектных здымкаў 37-гадовы бізнэсовец Марыюс Ёвайша робіць прэзентацыю ў фае музею. І распавядае: пра тое, як выкарыстоўваў для сваіх здыманняў «лятучы ўслончык», мотадэльтаплан і самалёты літоўскай цывільнай авіяцыі. Як фатаграфіі рабіліся тым самым аб’ектывам, на які здымаліся амерыканцаў на Месяц. Як 250 фотаздымкаў вялікага фармату былі адабраны з амаль 20 тысяч кадраў.

Нябачаная Літва на відэа:

Дадамо толькі, што альбом «Нябачаная Літва» спярша выдадзены па-літоўску і па-ангельску, ужо мае 11 розных моўных версіяў: ад расійскай да японскай. «Нябачаная Літва» — адзіны альбом аб Літве, выдадзены на такой вялікай колькасці моваў, а выставы «Нябачанай Літвы» былі прадстаўлены яшчэ ў 15 краінах свету: ад Аўстраліі да Аргенціны.

Пра выставу і альбом, які не мае ў Літве аналагаў, мы вырашылі спытаць у беларускага Сяргея Плыткевіча, аўтар падобных фотаальбомаў пра Беларусь. Дык чаму нам не зрабіць такі самы альбом, які прэзентаваў бы зямлю пад белымі крыламі гэтаксама маляўніча і прывабна?

— Нічога не замінае, тут толькі трэба зразумець, што гэта не толькі чыстая творчасць, але і бізнэс, і дзяржаўная справа, — кажа Сяргей Плыткевіч. — Выдае, што выстава Марыюса такое шчаслівае спалучэнне фотамастацтва і бізнэс. Выстава “Нябачная Літва» ў першую чаргу зроблена дзеля прасоўвання, рэкламы сваёй краіны. Любая прыгожая фотавыстава пра краіну красамоўнейшая за тысячы словаў. Беларусь і Літва выглядаюць вельмі падобна, асабліва з птушынага палёту, таму, думаю, падобная выстава пра Беларусь за мяжой глядзелася б таксама годна.

Выстава фотаздымкаў Марыюса Явайшы «Нябачаная Літва» будзе праходзіць да 28 верасня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?