Да 30% вучняў агульнаадукацыйных устаноў пакутуюць ад блізарукасці (нізкавокасці), або міяпіі, якая з'яўляецца асноўнай прычынай зніжэння зроку ў школьнікаў. Часцей за ўсё паталогія сустракаецца ў дзяўчынак, што цалкам зразумела.

— Блізарукасць звязана з вялікай стараннасцю, добрай паспяховасцю, удзелам у грамадскім жыцці, — кажа доктар-афтальмолаг 17-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Мінска Алена КАЧАН. — Акрамя таго, істотна вырасла зрокавая нагрузка за кошт павелічэння школьных праграм, асабліва ў гімназіях, што прыводзіць да павелічэння эмацыйнай нагрузкі. Добра вядома, што стрэсавая сітуацыя з'яўляецца адной з асноўных прычын развіцця многіх захворванняў, у тым ліку, органа зроку.

Развіццю міяпіі таксама спрыяюць: узмоцненая праца на блізкай адлегласці, спадчынная схільнасць, аслабленне склеры на фоне агульнага аслаблення арганізма, асабліва ў перыяд яго актыўнага росту. Падвоеную рызыку далучыцца да міёпаў маюць тыя, хто ўваходзіць у групу рызыкі:

1. Дзеці блізарукіх бацькоў. Шанцы абзавесціся акулярамі роўныя фактычна 100 працэнтам, калі мама і тата з акулярамі. Праблема ў спадчыннай слабасці аптычнага апарату вачэй і яго злучальнай тканкі. Склера лёгка расцягваецца — і вока падаўжаецца.

2. Неданошаныя дзеці. Народжанае ў тэрмін дзіця ад прыроды крыху дальназоркае (+3 дыёптрыі). Неданошаныя малыя прыходзяць у гэты свет усяго толькі з +1 дыёптрыяй, што з'яўляецца фактарам рызыкі.

3. Вундэркінды. Сярод дзяцей, якіх вучылі чытаць у 3-5 гадоў, у тры разы больш парушэнняў зроку ў параўнанні з тымі, хто пачаў навучанне ў 6-7 гадоў. Унутрывокавыя мышцы фарміруюцца бліжэй да 7 гадоў.

4. Алергікі. У такіх дзяцей парушаецца абмен рэчываў, пагаршаецца кровазабеспячэнне вока. У выніку склера становіцца схільнай да расцягвання, а значыць, да блізарукасці.

Чым небяспечная блізарукасць?

Пры выцягванні вочнага яблыка пакутуе вочнае дно, і асабліва найбольш адчувальная яго частка — сятчатка. Пры расцягванні ў ёй развіваюцца дыстрафічныя працэсы, што нярэдка прыводзіць да разрываў і адслаення, якія ўзнікаюць пры хуткім прагрэсаванні блізарукасці. Гэта можа стаць прычынай страты працаздольнасці па зроку.

Лячэнне блізарукасці

У дзяцей яно пераважна кансерватыўнае, уключае ў сябе медыкаментознае, фізіятэрапеўтычнае, артаптычнае, вітамінатэрапію. А таксама — выяўленне і карэкцыю парушэнняў постаці. Як правіла, пры блізарукасці прызначаюць акуляры. Пры міяпіі слабай і сярэдняй ступені — толькі для "далечыні", пры міяпіі высокай ступені — для пастаяннага нашэння. Самі акуляры лячэбнымі вартасцямі не валодаюць, а толькі з'яўляюцца сродкам карэкцыі зроку.

Асновы прафілактыкі

Агульнае ўмацаванне і фізічнае развіццё дзіцяці, асабліва ў перыяд яго актыўнага росту. Папярэджванне і лячэнне агульных саматычных хваробаў (вегета-сасудзістай дыстаніі, хваробаў страўнікава-кішачнага тракту і бронха-лёгачнай сістэмы). Для ўмацавання фізічнага развіцця паказаны тэніс, бадмінтон, плаванне, лыжны спорт.

Рэгулярнае і паўнавартаснае харчаванне. У меню павінны быць тварог, сыр, кефір, сметанковы алей, ялавічына, печань, мяса індыка і труса, пятрушка, шпінат, чарніцы, шыпшына, таматы, абрыкосы, брусніцы, журавіны.

Гігіена зроку. Правільная пасадка дзіцяці падчас зрокавай працы: адлегласць ад кнігі да вачэй — 30-35 см. Чытаць і пісаць трэба толькі седзячы, спіну трымаць роўна, працоўнае месца павінна добра асвятляцца. Ніколі не варта чытаць і гуляць лежачы на жываце і асабліва лежачы на баку. Шкодзіць вачам і чытанне ў транспарце.

На кожныя 30-40 хвілін зрокавай працы павінна выпадаць 10 хвілін адпачынку. Адпачыць, — значыць, пабегаць, паглядзець у акно, зрабіць гімнастыку для вачэй, а не сядзець перад тэлевізарам ці камп'ютарам.

Прагляд тэлевізара і працу за камп'ютарам трэба абмяжоўваць, а дзецям дашкольнага ўзросту камп'ютар увогуле рэкамендавана забараніць. Працягласць прагляду тэлеперадач для дзяцей дашкольнага ўзросту не павінна перавышаць 30 хвілін, малодшага школьнага ўзросту — 1 гадзіну, сярэдняга ўзросту — 1,5 гадзіны, старшакласнікаў — 2 гадзіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?