19 снежня адбудуцца выбары прэзідэнта. Хто будзе прэтэндаваць на пасаду прэзідэнта?
Аляксандр Лукашэнка.
56 гадоў. Нарадзіўся ў Копысі (Аршанскі раён). Апошнія 16 з якіх займае пасаду кіраўніка Беларусі. Пакуль не было ніякіх намёкаў, каб Лукашэнка адмовіўся ад удзелу ў выбарах. Такім чынам, ён можа пайсці на чацвёрты тэрмін. У Лукашэнкі трое сыноў. З жонкай Галінай жыве асобна, хоць і не разведзены.
Аляксандр Мілінкевіч.
63 гады. Нарадзіўся ў Гродне. Лідэр Руху «За Свабоду». Адзіны кандыдат ад апазіцыі на мінулых прэзідэнцкіх выбарах, дзе атрымаў 6% галасоў паводле афіцыйных дадзеных (18% паводле незалежных апытанняў). Не выключана, што Мілінкевіч здымецца з выбараў. Жанаты ў другі раз, мае двух сыноў.
Уладзімір Някляеў.
64 гады. Нарадзіўся ў Смаргоні. Лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду». Паэт. Пра свой удзел у прэзідэнцкіх выбарах заявіў у эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы». Жанаты паўторна, мае дзве дачкі.
Андрэй Саннікаў.
56 гадоў. Нарадзіўся ў Мінску. Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь». Напярэдадні выбараў фігура Саннікава была адной з найбольш раскручаных у замежных СМІ. Жанаты з вядомай журналісткай Ірынай Халіп, мае двух сыноў.
Алесь Міхалевіч.
35 гадоў. Нарадзіўся ў Мінску. Узначальвае саюз «За мадэрнізацыю». Збіраецца арыентавацца падчас выбараў на людзей, якія раней не былі заангажаваныя ў палітыцы. Жанаты, мае дзвюх дачок.

Віталь Рымашэўскі.

35 гадоў. Нарадзіўся ў Бабруйску. Сустаршыня Партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя. Свой удзел у выбарах пацвердзіў 12 верасня на з’ездзе партыі. У выпадку нерэгістрацыі будзе заклікаць да байкоту. Жанаты, мае дачку.
Яраслаў Раманчук.
44 гады. Нарадзіўся ў пасёлку Сапоцкін (Гродзенскі раён). Намеснік старшыні Аб’яданай грамадзянскай партыі. Эканаміст. На выбары ідзе з ліберальнай праграмай «Мільён новых рабочых месцаў». Нежанаты.
Рыгор Кастусёў.
53 гады. Нарадзіўся ў вёсцы Цяхцін (Бялыніцкі раён). Намеснік старшыні Партыі БНФ. Мае самую празаходнюю праграму з усіх прэтэндэнтаў: абарона нацыянальных каштоўнасцяў і ўступленне Беларусі ў НАТО. Жанаты, мае траіх дзяцей.

Юры Глушакоў.

44 гады. Нарадзіўся ў Гомелі. Першы намеснік старшыні Беларускай партыі «Зялёныя». Жонка ад першага шлюбу памерла. Сёлета жаніўся ў другі раз. Мае дачку.
Сяргей Гайдукевіч.
56 гадоў. Нарадзіўся ў Мінску. Старшыня Ліберальна‑дэмакратычнай партыі. Удзельнічаў у двух папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах, дзе нязменна займаў трэцяе месца. Называецца сталым спарынг‑партнёрам А.Лукашэнкі. Жанаты, мае двух сыноў.
Віктар Цярэшчанка.
60 гадоў. Нарадзіўся ў вёсцы Дуброўка (Краснапольскі раён). Старшыня рады Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Сам Цярэшчанка пазіцыянуе сябе як «нерадыкальнага апазіцыянера». Задача — трапіць у першую тройку па выніках галасавання. Жанаты, мае дзвюх дочак.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?