Праз дзесяць гадоў пасля забойства ўкраінскага журналіста Георгія Гангадзэ пракуратура вызначылася з першым замоўнікам злачынства. Гэта Юрый Краўчанка, тагачасны міністр унутраных справаў краіны.

Следства Генпракуратуры высветліла, што тагачасны кіраўнік Крымінальнага вышуку МУС генерал Аляксей Пукач атрымаў загад забіць Георгія Гангадзэ непасрэдна ад міністра.

7 верасня 2010 кіраўнік следчай групы Генпракуратуры па справе Гангадзэ Аляксандр Харчанка вынес канчатковую пастанову аб прыцягненні Пукача да крымінальнай адказнасці.

У гэтым дакуменце і апісаная роля Краўчанкі ў найбольш рэзанансным злачынстве незалежнай Украіны.

«Пукач А.П. 17 верасня 2000 г., выконваючы відавочна злачынны вусны загад міністра ўнутраных справаў Краўчанкі Ю.Ф., г.зн. на замову, па папярэдняй змове групай асобаў, сумесна з Пратасавым, Кастэнкам і Паповічам, якія не ведалі пра злачынны загад, наўмысна забіў Гангадзэ Г.Р.», — гаворыцца ў пастанове следчага.

(Заўвага: Гангадзэ быў выкрадзены 16 верасня, але, па дадзеных следства, забойства адбылося ў 00:10 17 верасня. Пратасаў, Кастэнка і Паповіч — супрацоўнікі міліцэйскай службы вонкавага сачэння, якія за ўдзел у забойстве Гангадзэ атрымалі 12 і 13 гадоў турмы).

У пастанове следчага прыведзеныя падрабязнасці, дзе і калі Краўчанка загадаў забіць заснавальніка «Украінскай праўды».

«Прыкладна 13–14 верасня 2000 у сваім службовым кабінеце ў горадзе Кіеве па вуліцы Багамольца, 10 міністр унутраных справаў Краўчанка Ю.Ф. вусна аддаў начальніку Галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС Украіны Пукачу А.П. відавочна злачынны загад — забіць журналіста Гангадзэ Г Р. для спынення такім чынам журналісцкай дзейнасці».

«Пукач А.П., дзейнічаючы з асабістай зацікаўленасці і кар’ерных памкненняў, не жадаючы ўскладняць адносіны з кіраўніком МУС Украіны, а таксама разлічваючы здабыць прыхільнасць Краўчанкі Ю.Ф. і атрымаць падвышэнне па службе і падвышэнне да спецыяльнага звання работніка міліцыі, пагадзіўся выканаць загад Краўчанкі Ю.Ф., г.зн. на замову забіць Гангадзэ Г.Р.», — таксама гаворыцца ў пастанове.

Па дадзеных следства, Пукач даў справаздачу Краўчанку адразу пасля забойства Гангадзэ, 17 верасня 2000.

«На наступны дзень у службовым кабінеце міністра ўнутраных справаў Пукач А.П. паведаміў Краўчанку Ю.Ф. аб выкананні яго загаду забіць журналіста Гангадзэ, пасля чаго разам з Паповічам А.В. (кіроўца Пукача) пазбавіўся сумкі і мабільнага тэлефона Гангадзэ Г. Р., выкінуў сумку ў возера каля Паўднёвага моста ў Кіеве, а мабільны тэлефон — у вадаём Русанаўскага канала паблізу гасцініцы „Славуціч“ у Кіеве».

Таксама, як высветліла следства, загад перапахаваць Гангадзэ таксама даваў Краўчанка.

«У пачатку кастрычніка 2000, дзейнічаючы па ўказанні Краўчанкі Ю.Ф., з мэтай схаваць здзейсненае ў дачыненні Гангадзэ Г.Р. злачынства, Пукач А.П. на службовым аўтамабілі «Нісан» прыехаў на месца пахавання трупа Гангадзэ Г. Р., выкапаў яго і павёз у лясны масіў Улашаўскага лясніцтва Тарашчанскага раёна, дзе сякерай аддзяліў галаву ад цела і тамсама закапаў абезгалоўлены труп Гангадзэ.

Адчлененую галаву Гангадзэ Г.Р. Пукач А.П. адвёз і закапаў у канцы лесапаласы на адлегласці 1,4 км ад аўтадарогі паміж сёламі Даўгаліўскае — Калеснікава на 136 кіламетры аўтатрасы Кіеў — Залатаноша Ракітнянскага раёна Кіеўскай вобласці.

Эпізоды з іншымі лідэрамі апазіцыі

У абвінавачанні Пукача таксама фігуруе эпізод выкрадання Аляксея Падольскага — памочніка дэпутата Сяргея Галаватага, які тады актыўна ўдзельнічаў у апазіцыйным руху.

Пукач і двое супрацоўнікаў службы вонкавага сачэння Навумец і Марыняк, якія пазней атрымалі па тры гады турмы, выкралі Падольскага. Адбылося гэта ў раёне паловы на адзінаццатую вечара 9 чэрвеня 2000 па той самай схеме, што і з Гангадзэ, — прапанаваўшы яму паслугі таксі.

Падольскага вывезлі з Кіева ў лесапаласу каля вёскі Пятроўскае Прылуцкага раёна Чарнігаўскай вобласці. Там яго збілі, без рэчаў і дакументаў пакінулі ноччу ў лесе і з’ехалі. Вярнуўшыся ў Кіеў, Пукач падпаліў дзверы кватэры, дзе жыў Падольскі, а ўжо на наступны дзень адрапартаваў Краўчанку аб «прафілактычных мерах», прынятых у дачыненні да грамадскага дзеяча.

«10 чэрвеня 2000 г. прыкладна, а 10-й раніцы Пукач далажыў міністру ўнутраных справаў Краўчанку Ю.Ф. у яго службовым кабінеце па вуліцы Багамольца, 10 у горадзе Кіеве аб выкананні загаду аб вывазе Падольскага за межы Кіеўскай вобласці, пра яго збіццё, запалохванне, пакіданне ноччу ў бязлюдным месцы і падпал дзвярэй кватэры», — гаворыцца ў пастанове аб прыцягненні Пукача да крымінальнай адказнасці.

Вочная стаўка Пукач — Літвін

Акрамя Краўчанкі, іншыя высокапастаўленыя асобы ў пастанове не згадваюцца. Разам з тым, журналістам таксама сталі вядомыя паказанні Пукача ў дачыненні спікера парламента Уладзіміра Літвіна.

Так,

паводле сцверджання генерала, праз некалькі дзён пасля забойства Гангадзэ 17 верасня 2000 Літвін пабываў у міністэрстве ўнутраных справаў у кабінеце Краўчанкі.

Там прысутнічаў таксама першы намеснік міністра Мікола Джыга, кіраўнік апарату МУС Эдуард Фэрэ, а таксама сам Пукач.

Як сцвярджае Пукач, Краўчанка асабіста прадставіў яго Літвіну са словамі: «Уладзімір Міхайлавіч, гэта наш супрацоўнік, які асабіста разабраўся з Гангадзэ».

Пры гэтым Краўчанка паляпаў Пукача па плячы і звярнуўся да Літвіна са словамі: «Перадайце прэзідэнту, што мы выканаем любое яго ўказанне».

Гэта версія падзей у выкладзе Пукача. Пасля гэтага, па яго словах, размова Краўчанкі і Літвіна праходзіла без сведак, а на наступны дзень Краўчанка загадаў Пукачу ўзяць адпачынак і перапахаваць цела, аддзяліўшы ад яго галаву.

Існуе версія, што Пукач ужо тады адчуў, як яго падставілі — і спецыяльна пахаваў цела ў такім месцы, дзе яго дакладна знойдуць. І спецыяльна паклаў у магілу ўпрыгожанні, якія маглі дакладна ідэнтыфікаваць Гангадзэ.

Так і адбылося — мясцовыя жыхары неўзабаве ўбачылі непадалёк ад лясной дарогі частку рукі, што тырчала з-пад зямлі…

У сваіх хадайніцтвах да следчага Пукач ініцыяваў правядзенне вочных ставак з жывымі ўдзельнікамі размовы ў кабінеце Краўчанкі — спікерам Літвінам і вінніцкім губернатарам Джыгам. Следчыя дзеянні прайшлі летам гэтага года.

Паводле інфармацыі крыніц, Пукач настойваў на сваёй версіі знаёмства з Літвінам, а спікер яе адпрэчваў.

«Я з вамі незнаёмы», — адказаў Літвін на словы Пукача пра тое, як яны былі прадстаўленыя адзін аднаму наступны дзень пасля забойства Гангадзэ. Таксама адпрэчваў версію Пукача і Мікола Джыга.

Таксама, паводле інфармацыі крыніц, на допытах Пукач паведаміў, што ў жніўні 2000 Джыга ўзяў у яго матэрыялы на Гангадзэ, сабраныя міліцыяй, і адвёз іх у аэрапорт «Барыспаль». Адтуль Краўчанка вылецеў у Крым на сустрэчу з Кучмам, дзе той знаходзіўся на адпачынку.

У сваіх паказаннях Пукач таксама настойвае, што пра здзяйсненне ім злачынства было вядома не толькі Літвіну і Джыгу, але і прэзідэнту Кучму і тагачаснаму кіраўніку СБУ Леаніду Дзеркачу.

Так, па словах генерала,

на наступны дзень пасля забойства Гангадзэ Пукача наведаў палкоўнік СБУ, які працаваў памочнікам Дзеркача па ўзаемадзеянні з МУС. Ён паведаміў, што яму вядома аб выкраданні журналіста міліцэйскай службай вонкавага сачэння.

Яшчэ Пукач сказаў на допытах, нібыта Краўчанка неаднаразова яго пераконваў, што ён дамовіўся з Кучмам, і генерала з яго «эскадронам смерці» не крануць.

«Украіна скаланецца, калі даведаецца ўсю праўду…»

Калі судовы працэс над Пукачам будзе адкрытым, агучаныя ім факты могуць пакласці канец палітычнай кар’еры некаторых дзеячаў сучаснасці.

З 15 верасня знаёміцца з матэрыяламі справы могуць пацярпелыя. Потым — Пукач. У пракуратуры разлічваюць перадаць справу ў суд да 8 кастрычніка — у гэты дзень заканчваецца тэрмін дзеяння дазволу на арышт Пукача, выдадзенага Вярхоўным судом.

Вядома, у выпадку паўторнага звароту суд працягне яму арышт, аднак следчым, каб не абцяжарваць сябе дадатковай працай, было б зручней да таго моманту перадаць Пукача ў судовую кампетэнцыю.

Адной з умоваў, на якіх Пукач пагадзіўся супрацоўнічаць са следствам, было аказанне дапамогі ягонай дачцэ.

Тады ж, падчас затрымання ў мінулым годзе, Пукач, па словах крыніц, заявіў: «Забойства Гангадзэ — гэта далёка не ўсё. Украіна скаланецца, калі даведаецца ўсю праўду».

Каб прадэманстраваць шчырасць сваіх намераў супрацоўнічаць са следствам, Пукач паказаў, дзе быў пахаваны чэрап Гангадзэ. Побач з гэтым месцам былі знойдзеныя парэшткі яшчэ 12 (!) чалавек.

Артыкулы, па якіх абвінавачваецца Пукач

У канчатковай рэдакцыі пастановы аб прыцягненні Пукача да адказнасці яму прад’яўленае абвінавачанне па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу.

Па-першае, гэта частка 2 артыкула 365 дзейнага Крымінальнага кодэксу Украіны — «Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, калі яно суправаджалася гвалтам, ужываннем зброі або дзеяннямі, што прыносілі боль і абражалі асабістую годнасць пацярпелага дзеяннямі, пры адсутнасці прыкмет катаванняў».

Па-другое, гэта частка 3 артыкула 166 Крымінальнага кодэксу ў рэдакцыі 1960 г. — «Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, калі яны пацягнулі цяжкія наступствы».

Па-трэцяе, гэта пункты 11 і 12 артыкула 93 Крымінальнага кодэксу ў рэдакцыі 1960 г. — «Наўмыснае забойства пры абцяжарвальных абставінах, здзейсненае па папярэдняй змове групай асоб або арганізаванай групай», а таксама «Наўмыснае забойства пры абцяжарвальных абставінах, здзейсненае на замову».

Максімальная санкцыя, прадугледжаная гэтых артыкулах, — пажыццёвае зняволенне.

Кваліфікацыя «забойства па замове» — новы пункт у абвінавачванні Пукачу. Ён з’явіўся толькі ў канчатковай рэдакцыі пастановы аб прыцягненні яго да крымінальнай адказнасці.

Абарона Пукача адштурхоўваецца ад таго, што ў яго не было папярэдняй змовы з трыма іншымі супрацоўнікамі службы вонкавага сачэння, якія атрымалі па 12 і 13 гадоў турмы, а адбыўся «эксцэс выканаўцы».

Пукач таксама сцвярджае, што калі душыў Гангадзэ рамянём, то хацеў толькі запалохаць журналіста, але не разлічыў сілу — і спражка рамяня трапіла на кадык Гангадзэ, пасля чаго заснавальнік «Украінскай праўды» загінуў.

Гэта не зусім укладаецца ў логіку паказанняў трох саўдзельнікаў Пукача, што вядомыя з рашэння Вярхоўнага суда, які пакінуў іх турэмныя прысуды ў сіле.

Так, аўтамабіль, у якім знаходзіўся Георгій пасля выкрадання 16 верасня, па дарозе да месца злачынства заехаў ў вёску Сухалесы Белацаркоўскага раёна. Там Пукач узяў вяроўку і рыдлёўку, якія паклаў у багажнік. Калі адштурхоўвацца ад версіі «запалохвання», гэты інвентар быў неабавязковым.

Далей машына з Георгіем адправілася ў лес, які знаходзіцца непадалёк ад вёскі. Там Паповіч — кіроўца Пукача — выкапаў яму.

Калі машына з Гангадзэ прыехала ў лес, Георгію звязалі вяроўкай рукі і ногі, а Пукач засунуў у рот насавую хустку. Далей кіроўца Пукача зняў з Гангадзэ рэмень і перадаў генералу. Той накінуў пятлю на шыю журналісту і пачаў яго душыць.

Георгій набраў паветра ў лёгкія, пасля чаго кіроўца Пукача нанёс яму некалькі ўдараў у жывот, каб той выпусціў паветра.

Усе гэтыя падзеі, апісаныя ў прысудзе тром міліцыянтам, вельмі мала нагадваюць «эксцэс выканаўцы».

Апошнім сваім хадайніцтвам Пукач спрабаваў правесці вочныя стаўкі паміж ім і трыма асуджанымі з прыцэлам на перагляд судовых прысудаў па новых абставінах. Аднак следчы адмовіў.

Той факт, што ў пералік артыкулаў абвінавачання Пукача быў дададзены пункт «Наўмыснае забойства, здзейсненае на замову», азначае, што следства аб’явіць замоўніка злачынства.

Пытанне ў тым, спыняцца яны на Краўчанку ці пойдуць далей.
Калі адзіным замоўнікам прызнаюць былога міністра ўнутраных справаў, то ў распачынанні справы супраць яго будзе адмоўлена ў сувязі са смерцю (артыкул 6, пункт 8 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Украіны).

Праўда, з прычыны, што гэтая акалічнасць з’яўляецца нерэабілітавальнай, сваякі Краўчанкі могуць абскардзіць пастанову следчага ў судзе.

Але

незалежна ад таго, наважыцца пракуратура ісці да жывых замоўнікаў ці не, яшчэ 10 гадоў таму з запісаў Мельнічэнкі кожны мог зразумець, што насамрэч адбылося з Георгіем Гангадзэ.
Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?