Кожны год у краіне рэгіструецца 250–300 выпадкаў атручвання грыбамі. Найбольш праблемнай з гэтай прычыны з’яўляецца восень, асабліва верасень. Менавіта на гэты час прыходзіцца пік збору грыбоў і робяцца грыбныя нарыхтоўкі на зіму.

А грэбаванне некаторымі правіламі можа прывесці да таго, што закаткі і закруткі стануць прычынай атручвання і ў зімовы перыяд.

Па сваёй цяжкасці вострыя атручванні грыбамі займаюць вядучае месца сярод усіх небактэрыяльных харчовых атручванняў. Захворванне, як правіла, пачынаецца раптоўна, часта ноччу, праз 3–12 гадзін пасля ўжывання грыбоў. Клінічны малюнак на пачатковых стадыях захворвання выглядае так: рэзкі боль у жываце, моцная рвота, панос, слабасць, галаўны боль. Потым да гэтых сімптомаў могуць далучыцца сутаргі, галюцынацыі, трызненне. Смяротны зыход пры атручваннях неядомымі грыбамі дасягае 25–50 працэнтаў выпадкаў. Калі ў ежу трапіў мухамор, пад уздзеяннем алкалоідаў, якія грыб утрымлівае, развіваецца рухальнае ўзбуджэнне, узнікаюць галюцынацыі. На пачатковай стадыі атручвання бледнай паганкай хворыя ўсхваляваныя, неспакойныя.

Аднак атруціцца можна не толькі ядавітымі па сваёй прыродзе грыбамі, але і так званымі ўмоўна-ядомымі, калі грэбаваць асноўнымі правіламі іх гатавання.

Да ўмоўна-ядомых адносяцца некаторыя віды сыраежак, свінушкі, смаржкі, ваўнянкі, чарнушкі. Яны ўтрымліваюць смолападобныя рэчывы і могуць выклікаць гастраэнтэрыт — запаленне страўніка і тонкага кішэчніка.

Ужываць у ежу ўмоўна-ядомыя грыбы без спецыяльнай кулінарнай апрацоўкі нельга. Іх трэба адварваць двойчы, не менш за 50 хвілін кожны раз. Абодва разы грыбы пасля варкі неабходна прамываць у праточнай вадзе.

Увогуле ўрачы-гігіеністы рэкамендуюць грыбнікам, перш чым адправіцца на ціхае паляванне, запомніць некалькі правілаў. Ідучы ў лес, неабходна ведаць відавы склад грыбоў і збіраць толькі тыя, што не выклікаюць сумненняў.

Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на тое, што ядомыя грыбы пры неспрыяльных экалагічных умовах (паблізу прамысловых прадпрыемстваў і аўтамабільных трас, у радыеактыўных зонах) становяцца таксічнымі, бо назапашваюць у высокіх канцэнтрацыях ртуць, свінец, кадмій і іншыя цяжкія радыеактыўныя рэчывы.

Трэба памятаць, што грыбы — прадукт, які хутка псуецца, таму іх трэба перабраць і адсартаваць адразу. Перабіраючы грыбы, неабходна выкідваць старыя, бо пры іх старэнні ў тканках адбываюцца складаныя хімічныя працэсы з утварэннем ядавітых рэчываў. У старых грыбах, нават такіх, як белыя, падасінавікі, падбярозавікі, паколькі яны ўтрымліваюць бялкі і тлушчы, у працэсе старэння ўтвараюцца высокатаксічныя спалучэнні. Сарціроўкай і гатаваннем грыбоў павінны займацца толькі дарослыя. Бацькам таксама неабходна ведаць, што грыбы павінны быць выключаны з рацыёну дзяцей да трох гадоў.

Не варта купляць грыбы ва неўстаноўленых месцах. Зусім відавочна, што тут не будзе гарантыі якасці і бяспекі. А вось на рынках уся прадукцыя падлягае абавязковаму кантролю, што дапаможа застрахавацца ад непрыемнасцяў.

Грыбы валодаюць здольнасцю паглынаць з навакольнага асяроддзя і назапашваць таксічныя рэчывы ў канцэнтрацыях, якія ў некалькі разоў перавышаюць утрыманне іх у глебе, вадзе, раслінах, таму ўсе грыбы неабходна адварваць, а адвар зліваць. Таксама без папярэдняга адварвання не варта смажыць грыбы.

Гаспадыням медыкі нагадваюць, што пры нарыхтоўцы запасаў на зіму лепш не кансерваваць грыбы пад шчыльнай накрыўкай, а замарынаваць іх ці засаліць.

Марынаваць рэкамендуецца ядомыя грыбы без едкага смаку мякаці: трубчатыя (белыя, падбярозавікі, маслякі і г. д.) і пласцінчатыя (шампіньёны, таўстушкі, лісічкі, апенькі, зялёнкі). У засол дапускаюцца ўсе ядомыя грыбы. Пласцінчатыя грыбы — толькі пасля папярэдняй апрацоўкі: іх замочваюць, двойчы адварваюць па 20 мінут.

Пры падазрэнні на атручванне грыбамі трэба выклікаць «хуткую дапамогу». Позна (на 2-я -5-я суткі) пачатае лячэнне пры атручванні ядавітымі грыбамі неэфектыўнае і прыводзіць да смерці.

Што рабіць да прыходу ўрача? Перш за ўсё неабходна прамыванне страўніка: дайце пацярпеламу выпіць 5–6 шклянак вады ці малака. Потым, раздражняючы пальцам ці чайнай лыжкай корань языка, выклічце рвоту. Гэту працэдуру можна паўтарыць 3–5 разоў, прычым у цёплую ваду (не гарачую!) дабаўляць можна пітную соду, па адной чайнай лыжцы на шклянку вады. Можна дабаўляць таксама сыры яечны бялок, змяшаўшы яго добра з вадой. Прамыванне можна праводзіць з дапамогай шчолачнай мінеральнай вады, злёгку падагрэтай. Хворага варта пакласці ў ложак, прыкласці да яго рук і ног цёплыя грэлкі, даваць яму больш піць, а пры рэзкай слабасці — моцную цёплую гарбату ці адвар рамонку.

Вольга ШАЎКО.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?