3 верасня ў Гродне стартавала грамадская акцыя «Адновім Каложу разам!»
Думалі выкарыстоўваць граніт і базальт.
Але скончыцца ўсё газасілікатам. Фота forum.grodno.net
Хоць акцыя і называецца «грамадскай», ініцыяваў яе выканкам.
Кампаніі папярэднічала маштабнае апытанне грамадскай думкі па тэлефонах гарачай лініі і на вуліцах. За тры дні сябры гродзенскага БРСМ апыталі 2019 чалавек, з якіх 85,7% выказаліся за «аднаўленне царквы».
Аднак што маецца на ўвазе пад аднаўленнем?
Гісторыкі непакояцца, што ў часе рэканструкцыі старажытнай Барысаглебскай царквы, якую называюць яшчэ Каложай, будуць выкарыстоўвацца сучасныя будматэрыялы, як гэта робіцца ў Нясвіжы ды Міры. Загадчыца кафедры гісторыі Беларусі Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Святлана Марозава ўхваліла імкненне ўладаў раіцца з народам. Аднак, калі гаворка ідзе пра такія важныя пытанні, як будучыня Каложы, мяркуе яна, апошняе слова мусіць быць за спецыялістамі.
Як апынуліся, перасцярогі гродзенскіх гісторыкаў не былі марнымі. У пачатку верасня на мясцовым тэлеканале прагучала інфармацыя, што страчаны пры абвале грунту мур выбудуюць з газасілікатных блокаў.
Між тым згодна з размешчанымі на сайце аблвыканкама эскізамі архітэктурнага праекта аднаўлення царквы страчаную сцяну мусілі аднаўляць з керамічнай цэглы-плінфы і апрацаваных валуноў — як і будавалі калісьці.
Цяпер палічылі, што драўляную сцяну танней замяніць сцяной з пенаблокаў, схаваных пад плінфай.
Дэкан архітэктурнага факультэта БНТУ Армен Сардараў кажа, што яшчэ два гады таму выказваўся супраць выкарыстання сучасных будаўнічых матэрыялаў пры аднаўленні Каложы. «Калі мы аднаўляем унікальныя помнікі з выкарыстаннем жалезабетону і газасілікату, то прыўносім у іх элемент несапраўднасці. А тым больш, калі гаворка пра такі аб’ект, як царква ХІІ ст.» Архітэктар трымаецца меркавання, што ў выпадках з разбуранымі або часткова парушанымі помнікамі, як Каложа, лепш пакінуць усё як ёсць, папярэдне грунтоўна закансерваваўшы.
Гродзенская епархія праваслаўнай царквы мяркуе, што храм трэба аднавіць у выглядзе, максімальна набліжаным да першапачатковага, г.зн. у старажытнарускім стылі з архітэктурнымі дэталямі, уласцівымі праваслаўным храмам візантыйскага тыпу. Гэта значыць, храм можа набыць над сабой купал.