1 верасня павышаны тарыфы на паслугі паштовай і электрасувязі, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства эканомікі.

Гэта прадугледжана пастановай Мінэканомікі № 125 ад 18 жніўня 2010 года. Як растлумачылі ў прэс-службе, рашэнне прынята паводле прапановы Міністэрства сувязі і інфарматызацыі. Папярэдняе павышэнне тарыфаў адбылося ў снежні 2009 года.

Згодна з дакументам, тарыфы на паслугі паштовай сувязі агульнага карыстання, якія аказваюцца насельніцтву, юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам, павышаны ў сярэднім на 10%, на паслугі электрасувязі — на 7,1%.

Пры гэтым тарыф на перасылку паштовай карткі павышаны на 20 рублёў і ўстаноўлены ў памеры 250 рублёў, тарыф на перасылку простага ліста масай да 20 г павышаны на 30 рублёў і складае 320 рублёў. Абанементная плата для насельніцтва за карыстанне тэлефонам у сетках, пераведзеных на пачасовую сістэму аплаты, павышана на 500 рублёў і складае 2.900 рублёў у месяц, у сетках, не пераведзеных на пачасовую сістэму аплаты, — на 600 рублёў (4.200 рублёў у месяц), абанементная плата за радыёкропку складае 800 рублёў у месяц.

Прыкладна ў такіх жа памерах павышаны тарыфы на гэтыя паслугі для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.

Прэс-служба адзначае, што тарыфы за мясцовыя і міжгароднія тэлефонныя размовы, устаноўку тэлефона і паслугі тэлеграфа засталіся на ранейшым узроўні.

«Неабходнасць павышэння тарыфаў абумоўлена іх стратнасцю», — пракаментавалі ў Мінэканомікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?