Пацяпленне клімату — селекцыянеры працуюць над айчыннымі гатункамі экзотаў.

 Кавуны на доследным полі Інстытута пладаводства. Фота БЕЛТА

Кавуны на доследным полі Інстытута пладаводства. Фота БЕЛТА

Мінуў той час, калі мандарыны з’яўляліся на сталах толькі па вялікіх святах. А бананы, набытыя з вялікай цяжкасцю, раскладвалі на падваконні, каб даспелі. Сёння тыя ж бананы ў сезон каштуюць танней за маладую бульбу. Для многіх з нас цытрусавыя, бананы, вінаград ды кавуны з дынямі сталі амаль сваімі. Але не ўсе ведаюць, што тыя ж кавуны і дыні ў хуткім часе сваімі стануць у літаральным сэнсе. Мае пачацца іх вырошчванне ў Беларусі ў прамысловых маштабах. Такую магчымасць даюць дасягненні селекцыянераў і змены клімату.

Прыжыліся перцы, прыжывуцца і кавуны

Дырэктар Інстытута пладаводства Аляксандр Аутка любіць прыгадваць гісторыю дваццацігадовай даўніны. На адной з нарадаў ён выклікаў усмешкі заявай пра тое, што ў хуткім часе ў Беларусі з’явяцца ўласныя перцы. Каго цяпер здзівіш выгадаванымі на беларускім лецішчы перчыкам?

На сёння на вопытным полі Інстытута пладаводства ў Самахвалавічах ужо трэці год гадуюць кавуны і дыні. Вучоныя высвятляюць перспектывы вырошчвання гэтых бахчавых у прамысловых маштабах. Доследныя дзялянкі ёсць у Гомельскім, Рэчыцкім і Кобрынскім раёнах. Даследаванні адбываюцца ў рамках дзяржаўнай праграмы.

Па словах супрацоўнікаў інстытута ў Самахвалавічах, добры ўраджай дыняў і кавуноў быў атрыманы тут ужо ў першы год доследаў. Летась было неспрыяльнае надвор’е. А сёлета зноў чакаецца добры ўраджай.

Пакуль вучоныя займаюцца доследамі, прадпрыемства з кітайскім капіталам ЗААТ «СінаБелАгра» ў Пружанскім раёне абяцае першы вялікі ўраджай кавуноў, дыняў, а таксама перцаў і баклажанаў ужо зараз.

Вяртанне вінаграднікаў

Вінаград у Беларусі мае без перабольшвання тысячагадовую прапіску. Першая згадка пра яго датуецца 1005 годам. У прамысловых жа маштабах беларусы пачалі вырошчваць яго адносна нядаўна. У 1930-50-я гады вінаград айчынных, а таксама гібрыдных гатункаў вырошчваўся на прамысловых плантацыях на поўдні і паўднёвым захадзе краіны. Пры канцы 50-х праграма была згорнутая Масквой як «немэтазгодная». Аднак невялікія плантацыі перажылі гэтую забарону.

Летась на Гомельшчыне была закладзеная плантацыя вінаграднікаў плошчай 10 га. Гэта першая спроба аднавіць вырошчванне вінаграду ў Беларусі ў прамысловых маштабах. А заадно і перайсці ў перспектыве да вытворчасці каньяку з уласнай сыравіны. У хуткім часе вінаграднікі могуць з’явіцца ў Старадарожскім раёне.

Беларускія пайза, чуміза і сорга

Глабальнае пацяпленне зрабіла магчымым вырошчваць у Беларусі не толькі дыні з кавунамі. Услед за кукурузай летняя гарачыня прыводзіць да нас новыя, нетрадыцыйныя для нашага краю прасяныя культуры — чумізу, пайзу, сорга, суданскую траву. Пайза, якая здаўна вырошчвалася ў Індыі, Кітаі ды Японіі, ужо два гады, як культывуецца ў шэрагу раёнаў Мінскай вобласці. Гэта багатая бялком культура, якая выкарыстоўваецца на зялёны корм. На корм будзе вырошчвацца і сорга. Дагэтуль беларусы былі знаёмыя з гэтай культурай хіба толькі ў выглядзе венікаў.

Селекцыяй культураў з малавядомымі большасці беларусаў назвамі займаецца жодзінскі Навукова-практычны цэнтр па земляробстве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?