«Падтрымайма Лукашэнку»?. Піша Віталь Тарас.

Захапленне аўтарытарнай ўладай, як і ўладарамі — з’ява не новая ў гісторыі. Асабліва гэтым адрознівалася расійская інтэлігенцыя.

(Дарэчы, само слова нарадзілася ў Расіі і на іншыя мовы перакладаецца з цяжкасцю). Былі таксама асобныя інтэлектуалы ў Еўропе, якія захапляліся Гітлерам. Найбольш вядомы прыклад нарвежскага пісьменніка Кнута Гамсуна. Былі і тыя, хто захапляўся Сталіным — Ліён Фейхтвангер, Анры Барбюс. Другая сусветная вайна прымусіла вельмі многіх змяніць свае погляды.

Але не пра тое цяпер гаворка. У гісторыі, што таксама само па сабе не навіна, было нямала аўтарытарных дзеячаў, якія не проста запомніліся сучаснікам нестандартным выглядам ці анекдатычнымі выказваннямі ды эскападамі, але шмат чаго дасягнулі. Для прыкладу можна назваць Мустафу Кемаля Атацюрка, які за кароткі час ператварыў прагнілую Асманскую імперыю ў сучасную Турцыю — амаль што заходнюю краіну, якая цяпер прэтэндуе на сяброўства ў Еўразвязе. Можна згадаць іспанскага дыктатара Франка, які, прынамсі, змог прадухіліць прыход камуністаў да ўлады і пры якім краіна пасля вайны ўступіла ў НАТО.

А што змянілася ў Беларусі за 16 гадоў кіравання Аляксандра Лукашэнкі? Чым запомніцца гэты перыяд? Тым, што краіна засталася незалежнай, хоць нацыянальныя атрыбуты Беларусі пры ім былі зганьбаваныя? Тым, што ўзняўся сярэдні ўзровень жыцця беларусаў? (Але пры гэтым няўхільна зніжаецца колькасць насельніцтва краіны). Рост эканомікі адбываецца часам і пры дыктатурах, бо гэта аб’ектыўны працэс у глабальным свеце. Проста ў залежнасці ад эканамічнай палітыкі ён можа ісці хутчэй ці марудней…

Прынамсі, ставіць у заслугу змены да лепшага — скажам, магчымасць купіць кватэру або аўтамабіль — аднаму чалавеку выглядаюць недарэчнымі. Як вера ў тое, што ён можа выклікаць дождж. Акрамя ўсяго, гэта яшчэ выглядае і непаважлівым да народа, які стварае дабрабыт сваімі ўласнымі рукамі.

Што тычыцца сэнсавых, глыбінных зменаў, дык іх няма. «Дзяржаўная ідэалогія» трымаецца на аскепках самых замшэлых савецкіх міфаў — пра Леніна і Сталіна, пра вялікую Радзіму, «якую развалілі», пра адвечнае братэрства з Расіяй, пра падступны Захад.

Аляксандра Лукашэнку лёгка ўявіць сябе на месцы Уладзіміра Пуціна, таксама «лідэра нацыі». У іх у абодвух няма пэўных ідэалаў. Першае пуцінскае «дзесяцігоддзе» таксама, па сутнасці, скончылася для Расіі «нулём», таптаннем на месцы.

Як вядома, аднайменныя зарады ў прыродзе ўзаемна адштурхоўваюцца. Гэта закон прыроды. Але называць падобнае адштурхоўванне альбо тузанне дзвюх дыктатур паводле прынцыпу «а ты хто такі?» палітыкай» не выпадае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?