Гутарка з сацыёлагам, кіраўніком даследчыцкай лабараторыі «Новак».

 Фота Юліі Дарашкевіч.

Фота Юліі Дарашкевіч.

«Наша Ніва»: Уплыў расійскіх тэлеканалаў на Беларусі вялікі?

Андрэй Вардамацкі: На самай справе вялікі і нават вельмі. Рэйтынгі расійскіх тэлеканалаў большыя, чым беларускіх. Але варта зазначыць, што рэйтынгі тэлеканалаў складаюцца з некалькіх частак. Ёсць частка навінная, а ёсць забаўляльная, дзе паказваюць розныя шоу, канцэрты, фільмы. Дык найбольшыя рэйтынгі мае якраз другая частка. Што датычыць навін, то яны, як правіла, перакрываюцца беларускім прадуктам. Таму мы назіраем змяншэнне ўплыву расійскіх навін на нашу краіну. Ёсць яшчэ такі фактар, што ў асаблівых выпадках расійскія навіны ці іх пэўныя сюжэты проста перакрываюцца, ніякай тэхнічнай цяжкасці ў гэтым няма.

«НН»: А ці давяраюць людзі расійскім тэлеканалам?

АВ: Я вам прывяду пэўныя лічбы рэйтынгаў перадачаў навін. Найбольшы рэйтынг мае расійская перадача «Время» (тэлеканал ОРТ) — 22% (у Мінску) і 19% (па краіне). Следам ідуць беларускія «Нашы навіны» (АНТ) — 20% і 17%. Прыкладна аднолькавыя пазіцыі ў «Вестей» («Россия») і «Панарамы» (БТ) — 3% і 4% адпаведна. Рэйтынг «24 гадзін» тэлеканала СТВ заўважна меншы — 1,2%. Можна гаварыць пра тое, што сітуацыю ў Расіі беларускія гледачы ведаюць не горш за беларускую. А, напрыклад, расійскіх палітычных актараў ведаюць нават лепш за беларускіх.

«НН»: Паказ «Хроснага Бацькі» на НТВ адаб’ецца на рэйтынгу Лукашэнкі?

АВ: Можна ўпэўнена казаць, што гэта адаб’ецца на рэйтынгу Лукашэнкі ў Расіі. Што датычыць Беларусі, то фільм прагледзела не так шмат людзей. Зрэшты, часта бывае, што такія выпады дзейнічаюць у процілеглым кірунку. Рэйтынгі, наадварот, могуць не знізіцца, а павысіцца. Яшчэ адным з вызначальных момантаў можа быць час паказу фільма. Чаму яго прадэманстравалі менавіта цяпер, калі ведалі пра ўсё гэта раней?

«НН»: Ці шмат беларусаў ведае пра справы зніклых? Як успрымаюць гэтыя здарэнні?

АВ: Не вельмі шмат. Але галоўнае нават не гэта. Самае важнае, як гэтыя знікненні ўспрымаюцца. А нейкага перажывання як цяжкай і страшнай рэчы няма. Людзі больш зацікаўленыя пытаннямі ўласнага дабрабыту і ростам цэнаў.

Андрэй Вардамацкі нар. 14 студзеня 1956 у пасёлку Джар-Курган (Узбекістан). Сацыёлаг, філосаф. Кіраўнік незалежнай лабараторыi аксiяметрычных даследаванняў «Новак». Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, стажыраваўся ў Мічыганскім універсітэце (ЗША). Кандыдат філасофскіх навук, доктар сацыялагічных навук, прафесар

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?