Еўракамісар па пытаннях пашырэння і Еўрапейскай палітыцы добрасуседства Штэфан Фюле, які наведаў Мінск 8–9 ліпеня, абмяркоўваў сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі не толькі на сустрэчах з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і лідэрамі апазіцыі, але і прадстаўнікамі ўлады, у тым ліку з прэзідэнтам Лукашэнкам. Пра гэта ён паведаміў у інтэрв’ю БелаПАН.

Фюле зазначыў, што «пакарыстаўся першым афіцыйным візітам у Беларусь, каб нагадаць: павага фундаментальных правоў і свабод — аснова палітыкі ЕС у адносінах да суседзяў і ключавы фактар развіцця двухбаковых адносін».

«Толькі паважаючы гэтыя фундаментальныя, усеагульныя каштоўнасці, Беларусь зможа поўнасцю пакарыстацца патэнцыялам, які прапаноўвае ЕС як у межах Еўрапейскай палітыкі добрасуседства ў цэлым, гэтак і палітыкі „Усходняга партнёрства“ ў прыватнасці», — сказаў Фюле.

Як паведамлялася раней, на сустрэчы ў Мінску з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і апазіцыйных партый еўракамісар запэўніў, што абмяркуе з афіцыйнымі структурамі сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.

17 ліпеня Аляксандр Лукашэнка, каментуючы сустрэчу са Штэфанам Фюле, паведаміў журналістам: «Дзякуй богу, мы не закраналі ні пытанні палітыкі гэтай, ні дэмакратызацыі і г.д.».
Паводле слоў прэзідэнта, галоўнымі пытаннямі перамоў былі візавы рэжым («чым нашы грамадзяне правініліся перад вамі?»), «Усходняе партнёрства» і зона свабоднага гандлю («чаму вы блакіруеце нашы тавары, мы ж вашы не блакіруем»).
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?