У Беларусі распачалі фармаванне «чорнага спісу» сайтаў
На сайце Інспекцыі па электрасувязі (БелДІЭ) з’явіўся раздзел «Спісы абмежаванага доступу».
На сайце Інспекцыі па электрасувязі (БелДІЭ) з’явіўся раздзел «Спісы абмежаванага доступу».
Гэтыя спісы па задуме распрацоўшчыкаў указу № 60 засцерагуць беларускіх інтэрнэт-карыстальнікаў па іх патрабаванні ад экстрэмізму, гвалту, парнаграфіі і іншых празмернасцяў. Згодна з сумеснай пастановай ААЦ і Мінсувязі такіх спісаў будзе два — публічны і закрыты. У першы ўвойдуць інтэрнэт-рэсурсы, зарэгістраваныя ў нацыянальным сегменце сеткі інтэрнэт, а ў другі, які будзе бачны толькі пастаўшчыкам інтэрнэт-паслугаў, — астатнія непажаданыя інтэрнэт-рэсурсы.
БелДІЭ прапануе інтэрнэт-правайдэрам прайсці квэст і атрымаць доступ да спісу абмежаванага доступу. Для гэтага трэба аформіць ліст і перадаць яго ў БелДІЭ праз упаўнаважаную асобу. Упаўнаважаная асоба павінная паказаць завераную ліцэнзію на права ажыццяўлення дзейнасці ў галіне сувязі. Толькі тады можна атрымаць лагін і пароль для доступу да спісу абмежаванага доступу праз САЙТ РУП «БелДІЭ».
Нагадаем, «чорны спіс» фармуецца БелДІЭ па прапанове ўпаўнаважаных дзяржорганаў. Дапамагчы ў складанні спісу могуць юрасобы, індывідуальныя прадпрымальнікі і звычайныя грамадзяне, якія павінныя накіроўваць свае прапановы па блакаванні сайтаў у дзяржорганы. Пакуль інтэрнэт-цэнзура можа ажыццяўляцца толькі па асабістай просьбе самога інтэрнэт-карыстальніка. У абавязковым парадку непажаданыя сайты будуць блакавацца ў дзяржустановах, а таксама ў арганізацыях адукацыі, культуры.
Скандальны ўказ Аляксандра Лукашэнкі «Аб нацыянальным сегменце сеткі Інтэрнэт» набыў сілу 1 ліпеня. Тэкст указу выклікаў крытыку як беларускай медыя-супольнасці, так і міжнародных праваабарончых арганізацыяў, у тым ліку АБСЕ. Незалежныя эксперты не сумняюцца, што ўказ Лукашэнкі накіраваны ў першую чаргу на блакаванне апазіцыйных вэб-рэсурсаў падчас правядзення выбараў.
Electroname.com
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ