Журналістку сайта charter97.org Натальлю Радзіну 1 ліпеня выклікаюць на допыт у сьледчы аддзел пракуратуры Менску.

Сёньня ёй патэлефанаваў намесьнік начальніка сьледчага аддзелу менскай пракуратуры Віктар Фешчанка і запатрабаваў зьявіцца на допыт. Ён паведаміў, што Натальлю Радзіну выклікаюць у якасьці сьведкі, аднак ён не паведаміў па якой справе.

Паводле Фешчанкі, «ёсьць некалькі пытаньняў у сувязі з інфармацыяй, што Радзіна зьяўляецца адміністратарам сайту charter97.org». Ён удакладніў, што гэта не зьвязана з крымінальнай справай аб паклёпе на былога начальніка УКДБ па Гомельскай вобласьці Івана Каржа.

Па гэтай справе журналістка праходзіць у якасьці сьведкі, у офісе сайта быў праведзены ператрус і канфіскавана 8 кампутараў.

Ад 1 ліпеня ў Беларусі ўступаюць у дзеяньне новыя правілы рэгуляваньня інтэрнэту.

Паводле Радзінай, «улады вырашылі не губляць ні дня, бо да прэзыдэнцкіх выбараў засталося мала часу, і ад першага дня ўступленьня ў сілу адыёзнага ўказу пра інтэрнэт пачалі ціснуць на незалежных журналістаў». Таксама яна зьвязвае перасьлед сайту непасрэдна з удзелам у прэзыдэнцкай кампаніі Андрэя Саньнікава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?