Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў народнага артыста Расіі Юрыя Антонава Ордэнам Францыска Скарыны.Як гаворыцца на афіцыйным сайце кіраўніка Беларусі, «за вялікі асабісты ўклад ва ўмацаванне культурных сувязяў паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй».
Відавочна, гэта спроба беларускага кіраўніка паказаць расійцам, што Беларусь канфліктуе з Крамлём, а не з расійскім народам.
Юрый Антонаў нарадзіўся 19 лютага 1945 года ў Ташкенце ў сям’і вайскоўца. Сям’я Антонавых доўгі час жыла ў Берліне, а пасля вываду савецкіх войск з Германіі трапіла ў Маладзечна. Менавіта ў гэтым беларускім горадзе і распачалася музычная кар’ера Антонава. Некаторы час ён нават працаваў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі.
Акрамя Ордэна Францыска Скарыны Юрый Антонаў мае і іншыя дзяржаўныя узнагароды — расійскія Ордэн «За заслугі перад Айчынай» IV ступені і Ордэн Пашаны, а таксама званні — Народны артыст Расійскай Федэрацыі і Заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі.
Ордэн Францыска Скарыны быў заснаваны ў 1995 годзе пастановай Вярхоўнага Савета як адна з найвышэйшых дзяржаўных узнагародаў Беларусі. Надаецца за асаблівыя заслугі ў справе
Кавалерамі Ордэна Францыска Скарыны ў розныя часы станавіліся грамадзяне Беларусі, Расіі, Украіны і Францыі. Сярод спевакоў такі гонар мелі Мікалай Баскаў, Надзея Бабкіна, Мікалай Гнацюк, Уладзімір Мулявін і Анатоль Ярмоленка.
Аднак дагэтуль ніводзін беларускі пісьменнік не атрымаў Ордэна Францыска Скарыны. Няма сярод лаўрэатаў і беларускіх грамадскіх дзеячоў і палітыкаў. Затое ёсць расійскія — мэр Масквы Юрый Лужкоў, Павел Барадзін, Генадзь Селязнёў і Барыс Ельцын.





