Падчас распаўсюду звароту Ўладзіміра Някляева да абітурыентаў былі затрыманыя актывісты кампаніі «Гавары праўду». На дадзены момант вядома пра затрыманні груп валанцёраў у трох універсітэтах у Мінску: БДУ, БДЭУ, МДЛУ. У часе асвятленне акцыі каля БДУ былі затрыманыя таксама два журналісты.

Па словах аднаго з актывістаў кампаніі Міхася Пашкевіча, супрацоўнікі бяспекі ўніверсітэту адмовіліся патлумачыць, паводле якога юрыдычнага дакумента ў ВНУ нельга было раздаць улёткі са зваротам паэта да моладзі.

Супрацоўнікі бяспекі ў сваю чаргу палічылі гэта парушэннем правапарадку і выклікалі міліцыю. Як паведамляюць затрыманыя па тэлефонах, іх збіраюцца адвезці ў Заводскі, Маскоўскі і Фрунзенскі РУУС адпаведна.

— Затрыманне дзяўчыны-журналісткі было можна назваць брутальным. Невядома, ці засталася цэлай тэхніка, — распавёў адзін з сяброў кампаніі «Гавары праўду» Юры Алейнік. Па яго словах, у Мінску сёння актывісты «Гавары праўду!» паспелі раздаць каля трох тысяч улётак са зваротам лідэра кампаніі Ўладзіміра Някляева да моладзі.

Зварот Някляева да моладзі ўтрымліваў у сабе пажаданні правільнага выбару правільных дарог і раздаваўся абітурыентам-2010 перад другім тэставаннем, што ідзе па ўсёй краіне.

Улёткі са зваротам маюць раздаваць сёння ў шматлікіх ВНУ Беларусі: ва ўсіх абласных гарадах, Полацку, Баранавічах, Горках. Апроч згаданых мінскіх універсітэтаў, акцыя прайшла ў БНТУ і Тэхналагічным універсітэце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?