Яўгеній Еўтушэнка калісьці напісаў: «Поэт в России — больше, чем поэт». Гэтыя радкі нярэдка паўтараліся апошнімі днямі — у сувязі з пахаваннем Андрэя Вазнясенскага, аднаго з апошніх «шасцідзесятнікаў». І мала хто задаецца пытаннем: што значыць «больш, чым паэт»? Чым вымерыць маштаб паэта альбо эпохі? І ўвогуле, ці нельга быць проста паэтам?

Але парадокс у тым, што менавіта ў яго выпадку вызначэння «паэт» недастакова. Дастаткова будзе сказать: галоўны рэдактар «Нового мира». І гэта будзе свайго роду код 1960‑х.

Вось ён я

Твардоўскі нарадзіўся сто гадоў таму — 8(21) чэрвеня. У той год нарадзілася Ларыса Геніюш і памёр Леў Талстой. Юнацтва Твардоўскага, які нарадзіўся на Смаленшчыне, у сям’і «кулакоў», выпала не проста на эпоху рэформаў — на «вялікі пералом». Сталінскую калектывізацыю ён апавяваў у сваёй «Краіне Муравіі».

Сваіх братоў, арыштаваных паводле падазрэння ў антысавецкай агітацыі, Твардоўскі выракся. Бацьку, які збег са ссылкі, каб паглядзець, што робіцца ў родным доме, сын выдаў міліцыі.

«Сын за бацьку не адказвае!» — Гэтыя сталінскія словы саркастычным рэфрэнам будуць паўтарацца ў паэме Твардоўскага «Па праве памяці», якую ён напіша ў сярэдзіне 1960‑х і якая будзе апублікавана ў Савецкім Саюзе толькі ў 1987. («Забыть, забыть велят безмолвно, хотят в забвенье утопить живую боль…»)

А перад самай вайной выйшаў хрэстаматыйны «Ленін і пячнік». Усе памятаюць «Ленин? Тут и сел старик!». Але ёсць у гэтым вершы і іншыя радкі, якія чытаюцца сённяшнімі вачыма зусім інакш, чым у савецкай школе:

    А по свежей по дорожке
    Вдруг к избушке печника.
    На коне в возке хорошем —
    Два военных седока.
    Заметалась беспокойно
    У окошка вся семья.
    Входят гости:
    ‑‑ Вы такой‑то?
    Свесил рукі:
    ‑‑ Вот он я…

Аўтар яўна атаясамлівае сябе з няшчасным печніком, які асмеліўся зрабіць заўвагу Леніну. Як, напэўна, памятае чытач, усё абыйшлося — печніка не расстралялі, нават не пасадзілі. Правадыр усяго толькі папрасіў яго справіць печку, каб не чадзіла. І нават пахваліў за работу — праўда, не заплаціў. Але чаем літасціва напаіў.

Герой яго аповесці

Потым будзе вайна, на якой Твардоўскі ваяваў артылерыстам (як і Васіль Быкаў, з якім пазнаёміцца пазней). Будзе «Васілій Цёркін». Я не літаратурны крытык і ніколі не вазьму на сябе смеласць ацэньваць паэзію. Але Іван Бунін, які арганічна не выносіў фальш і асабліва бальшавіцкі пафас, быў у захапленні ад паэмы Твардоўскага. Паводле многіх яго калег‑франтавікоў, паэма фактычна, стала першым словам праўды пра вайну.

Так ці інакш, Твардоўскі быў уладай аблашчаны. Лаўрэат трох сталінскіх, адной ленінскай і адной дзяржаўнай прэмій, кандыдат у члены ЦК КПСС, дэпутат Вярхоўнага Савета РСФСР, ордэнаносец.

Як напісаў адзін публіцыст пра Васіля Быкава — усё ў яго было: і званне Героя сацпрацы, і званне народнага, і дача, і аўтамашына. Чаго ж яму не хапала, чаму не хацеў верай і праўдай служыць начальству, якое столькі для яго зрабіла?

Чаму Твардоўскі двойчы пагадзіўся ўзяць пад сваю рэдакцыю савецкі літаратурны часопіс «Новый мир»? Што прымушала яго адчайна змагацца з цэнзурай, ЦК, літаратурным начальствам усіх рангаў?

На ХХІІ з’ездзе КПСС Твардоўскаму далі слова. У яго выступленні было, зразумела, шмат казённых і дзяжурных словаў, усхваленняў палітыкі партыі.

Але было і нешта новае, што гучала зусім незвыкла ў сценах Палаца з’ездаў.

Ужо на самым пачатку аратар прывёў словы Льва Талстога, якім ён заканчвае свае «Севастопальскія апавяданні»: «Герой жа маёй аповесці, якога я люблю ўсімі сіламі сваёй душы, якога імкнуўся аднавіць ва ўсёй прыгажосці яго і які заўсёды быў, ёсць і будзе цудоўны, — праўда». Недахоп многіх нашых кніг, ‑‑ працягваў Твардоўскі — перш за ўсё недахоп праўды жыцця, аўтарскае азіранне, што можна, чаго нельга, то бок недавер да чытача (…)

Калі перад намі чытач, які не валодае так званай лёгкасцю пяра, мастак, якому ўласціва гэтая пакутлівая няўпэўненасць і сумненні ў сваіх сілах, ‑‑ а чым больш значны і сур’ёзны мастак, тым менш уласіцва яму самаўпэўненасць, ‑‑ дык ён, перааадольваючы ўсё гэта, звяртае сваю прамову да чытача ў сілу ўнутранай неабходнасці выказвання, таму што ён не можа прамаўчаць. І тады на свет з’яўляецца кніга, якая кранае мяне, чытача, да глыбіні душы, кніга, якая ўваходзіць у мой асабісты фонд, кніга, якая складае нейкую частку мяне, самога, робіць мяне разумнейшым, лепшым, мацнейшым і больш шчаслівым». (ХХІІ з’езд КПСС. 17‑31 кастрычніка 1961 года. Стэнаграфічная справаздача.М.1962)

«Я адкрыў Салжаніцына»

Такой кнігай вельмі хутка для Твардоўскага і мільёнаў чытачоў яго «Нового міра» стане «Щ‑854. Адзін дзень аднаго зэка». Гэтым зэкам быў Аляксандр Салжаніцын. Рэзкае антысталінскае выступленне, з якім Хрушчоў выступіў у завяршэнне таго самага з’езда, падказала, што прыйшоў момант, калі можна і трэба сказаць хоць бы частку праўды пра ГУЛАГ. І Салжаніцын прыйшоў у «Новый мир».

Твардоўскі прапанаваў назваць апавяданне «Адзін дзень Івана Дзянісавіча»…

У «Навамірскім дзённіку», які летась выйшаў асобным выданнем у Маскве, Твардоўскі апісвае сваю сустрэчу з Хрушчовым, якой доўга і ўпарта дамагаўся.

«—Я звярнуўся да Вас, Мікіта Сяргеевіч, з гэтым рукапісам таму, што, шчыра кажучы, мой рэдактарскі досвед з несумненнасцю гаворыць мне, што калі я не звярнуся да вас, гэтую таленавітую кніжку зарэжуць.

Зарэжуць — з гатовасцю пацвердзіў ён». Але Хрушчоў перад тым ужо не толькі прачытаў «Адзін дзень Івана Дзянісавіча». Прэзідыюм ЦК КПСС прыняў пастанову аб публікацыі.

А вось вылучэнне аповесці на дзяржаўную прэмію скончылася правалам. Наменклатурнае літаратурнае начальства зрабіла ўсё, каб расціснуць «шкодную кнігу». А калі скінулі Хрушчова, ідэалагічная зграя канчаткова сарвалася з ланцуга.

В 1965 годзе Камітэт дзяржбяспекі дакладаў, што Твардоўскі наведаў Новасібірск, дзе сустракаўся з чытачамі. «Кажучы пра цяжкасці выпуску часопіса», А.Т. «заявіў, што рэдкалегіі часопіса нялёгка, бо выхад часопіса іншы раз затрымліваецца паводле незалежных ад часопіса акалічнасцяў». Адказваючы на пытанне аб адносінах да публікацый Салжаніцына, А.Т. сказаў: «Я адкрыў Салжаніцына, барацьбіта за праўду, і не шкадую аб тым, што друкаваў яго творы».

Пасля «Івана Дзянісавіча» у НМ былі яшчэ надрукаваны «Матронін двор», «Выпадак на станцыі Крэчэтаўка». А вось «Ракавы корпус» і «У крузе першым» апублікаваць у часопісы не ўдалося. Салжаніцына Твардоўскаму наменклатура не даравала.

Цёркін на тым свеце

Здымалі галоўнага рэдактара «Нового мира» двойчы. Першы раз — у 1954, за спробу публікцыі ў часопісе «паклёпніцкай і палітычна шкоднай» сатырычнай паэмы «Цёркін на тым свеце». Другі раз — у асабліва цынічнай форме — у 1970.

9 лютага на бюро сакратарыята СП СССР адбыўся канчатковы разгром рэдакцыі «Нового мира». Яшчэ за чатыры дні да таго было прынята рашэнне прызначыць намеснікам галоўнага рэдактара часопіса Дз. Бальшова. Пасля гэтага Твардоўскі напісаў заяву з патрабаваннем зняць яго подпіс на другой (лютаўскай) кніжцы «НМ» за 70‑ы год. (Бальшоў — у мінулым першы сакратар ЦК ЛКСМБ. У 1966‑м, будучы галоўным рэдактарам «Советской культуры», напісаў данос на спектакль Тэатра Сатыры «Цёркін на тым свеце». Твардоўскі як аўтар паэмы абвінавчваўся ў «знявазе грамадзянскіх, патрыятычных пачуццяў савецкіх людзей».) Пасяджэнне Бюро не стэнаграфавалася. Са складу рэдкалегіі былі выведзены Лакшын, Кандратовіч, Наталья Сац, Вінаградаў — галоўныя паплечнікі Твардоўскага. На яго месца прызначаны Рычард Касалапаў. Найбольш актыўным крытыкам былога галоўнага рэдактара выступіў Сяргей Міхалкоў. «Твардоўскі не заўважае, як з яго на Захадзе лепяць мадэль «галавы апазіцыі». (З дзённіка А.Т.) Калі Твардоўскі заявіў, што не прызнае рашэння бюро і чакае адказ на свой зварот у ЦК, прысутны Аляксандр Чакоўскі здзеклівым тонам запытаўся: «Вы спадзяецеся на станоўчы адказ»? Усё ўжо было вырашана.

Акрамя таго, што Твардоўскага знялі з пасады галоўнага рэдактара, яго дэманстратыўна не выбралі дэлегатам ХХІІІ з’езда КПСС, а таксама і ў дэпутаты. І ў той самы час пакінулі ў часопісе некаторых былых супрацоўнікаў пісьменніка. Каб збіць чытачоў з панталыку, зрабіць выгляд, быццам нічога не мяняецца — ідзе нармальная «ракіровачка».

Як ім спіцца па начах?

Не даравалі Твардоўскаму і шмат іншых публікацый. Сярод іх былі вершы Аркадзя Куляшова, проза Васіля Быкава. Твардоўскаму даводзіліся літаральна прабіваць праз галоўліт яго «Мёртвым не баліць». «Атаку сходу», «Круглянскі мост». («Сотнікаў» быў надрукаваны пасля сыходу Твардоўскага). Вось што пісаў, напрыклад, савецкі паэт і крытык Мікалай Грыбачоў у «Литературной газете» у жніўні 1969. «В. Быкаў так піша савецкіх людзей, што незразумела, як мы вайну выйгралі». Сам Аляксандр Твардоўскі не быў абстрактным маралістам і паводле характару не падобны быў да паэта‑лірыка. З тым жа Салжаніцыным яны лаяліся ў рэдакцыі не аднойчы — ледзь не да бойкі. Не з‑за ідэйных разыходжанняў. Проста ў кожнага былі свае задачы. Твардоўскі, найперш, думаў пра тое, як уратаваць часопіс. Салжаніцын лічыў, што магчымасці друкавацца легальна ў гэтай краіне ўжо вычарпаны. «Архіпелаг ГУЛАГ» быў выдадзены ў Францыі. Увосені 70‑га яго аўтар атрымаў Нобелеўскую прэмію. А ў наступным годзе яго дэпартавалі ў Германію.

Аднак Твардоўскі мог самааддана заступацца за маладых таленавітых літаратараў. Напрыклад — за Іосіфа Бродскага, якога ў сярэдзіне 60‑х у Ленінградзе судзілі за «тунеядства». Перакладчык Казлоўскі ўспамінаў, як Твардоўскі на нейкай вечарыне ледзь не пабіўся з Пракофьевым, які надрукаваў у «ЛГ» артыкул пра поспехі ленінградскіх пісьменнікаў і пра сваю працу з маладымі. Кажуць, Твардоўскі крычаў на яго: — Ты мярзотнік! Ты знішчыў маладога паэта! — Ну, і што ж? Гэта праўда! Гэта я сказаў Рудэнку (тагачаснаму генпракурору СССР — В.Т.;), што яго трэба арыштаваць! — Ты мярзотнік! Як жа ты па начах спіш пасля гэтага!—А ты ў гэтую справу не лезь! Яна брудная! — А я абавязкова ўмяшаюся!

І ўмяшаўся, падпісаў калектыўны ліст у абарону Бродскага. Але яму самому часта не хапала падтрымкі калег. Асабліва не хапала яе ў цяжкі момант разгрому часопіса. Твардоўскі тады цяжка захварэў і памёр праз паўтара года — 18 снежня 1971.

Яму быў усяго 61 год.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?