Сяргей Лазніца на здымках фільму «Шчасце маё»
Фота з сайту festival-cannes.com
Сам Сяргей Лазніца — ураджэнец Баранавічаў, вучыўся ў Кіеве і Маскве, здымаў стужкі ў Расіі, а цяпер жыве ў Нямеччыне. Галоўную ролю ў ягоным фільме сыграў актор мінскага Тэатра юнага гледача Віктар Немец, а гукааператарам быў беларускі творца Уладзімір Галаўніцкі. Лазніца — сябар рэжысёра Віктара Аслюка, на мінскай кватэры якога Лазніца мантаваў некаторыя свае дакументальныя стужкі.

Лазніца марыў экранізаваць быкаўскую аповесць «У тумане», але ніхто не хацеў даваць на яе грошы. Першая ігравая стужка Лазніцы «Шчасце маё» пастаўленая рэжысёрам па ўласным сцэнары.

Гэта метафізічна-змрочны ігравы фільм пра кіроўцу, які збіўся з дарогі ў расійскай правінцыі і, сутыкаючыся з тутэйшымі, заглыбляецца ў сэрца зла. Фільм пастаўлены ва Украіне, на украінскія і нямецкія грошы.

Шакаваная канская публіка ўспрыняла стужку як фільм жахаў, але Лазніца адштурхоўваўся ад рэальных гісторый, якія чуў, калі здымаў свае дакументальныя фільмы.

Інтрыгай Канскага фэсту было сутыкненне фільма Лазніцы з карцінаю Міхалкова «Стомленыя сонцам — 2». Калі б Лазніцу ўзнагародзілі, гэта выклікала б дзікі скандал. Як напісаў у інтэрнэт-дзённіку кінакрытык Сяргей Кудраўцаў, «фільм «Шчасце маё», які меў добрыя водгукі ў выданнях розных краінаў, пацярпеў ад нежадання бачыць Каны разбамбаванымі ў выніку пачатку самай вялікай з войнаў — міхалкоўскай».

Старшыня журы Цім Бёртан, ужо запрошаны Міхалковым у Маскву, тактоўна ўхіліўся ад палітычнага выбару, паліткарэктна ўзнагародзіўшы «Залатой галінай» тайскага рэжысёра Апічатпонга Вірасетакула за фільм «Дзядзька Бунмэ, які памятае свае былыя жыцці».

Француз Мацье Амальрык атрымаў прыз як найлепшы рэжысёр з карцінаю «Гастролі».

Жульет Бінош і Хаўер Бардэм былі ўзнагароджаныя як найлепшыя акторы — у фільмах Абаса К’ярастамі і Алехандра Гансалеса Іньярыту.

Карціна пра беларускіх эмігрантаў у Бельгіі «Нелегал» Аліўе Масэ-Дэпаса, прадстаўленая ў двухтыднёвіку рэжысёраў, была адзначаная адмысловым прызам кампазітараў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?