Беларускі рэп робяць хлопцы з Вілейкі, Лунінца, Сянна ды Івацэвічаў. Пра адраджэнне гэтага занядбанага кірунку заявілі PANaNieba, Lunclan, Zeman, Вожык і Vinsent на першым фэсце беларускамоўнага рэпу. У атачэнні айчынных рэпераў адсутнічаюць вульгарныя дзеўкі, яны не бразгочуць ланцугамі, не ўжываюць наркотыкаў, а зброю бачылі толькі па тэлевізары. Затое яны смела паказваюць фак існаму ладу, славяць Каліноўскага ды спяваюць пра чыстыя чалавечыя пачуцці. Беларускія чытанні ў «Рэактары» ўдаліся.

«Мы ўсе людзі на балоце, ё!», — такімі словамі запальваюць публіку першыя выступоўцы — Sviedak і ChviaDot з PANaNieba. Нягледзячы на тое, што галасы ў іх яшчэ ламаюцца, словы глытаюцца ды і досведу вялікіх канцэртаў нямашака, трымаюцца на сцэне яны досыць упэўнена. Дадае драйву іх чытанням Zeman з праекту Imperator. Гэты экспрэсіўны рэпер заяўлены ў канцэрце не быў, але выходзіў на сцэну часцей за вядучага Паўла Белавуса, перыядычна дапамагаючы сваім калегам у чытцы, ды штохвіліну заклікаў уздымаць запальнічкі.

Адсутнасці такіх прызнаных «майстроў слова», як Сярога ці лідэр «Чырвонага па белым» Кроўва, здаецца, ніхто і не заўважыў. Сярога баіцца беларускай мовы як агня пасля свайго адзінага эксперыменту «Лялька», а Кроў добра прыжыўся ў Польшчы ды шчыльна звязаў сваё жыццё з тэлебачаннем. Вядома ж, чытанне рэпу такіх грошай не прыносіць.

Фэст адзначыўся і зараджэннем такой з’явы, як нацыянальны рэп-батл. Беларуская «бойка за рэспект» прайшла ў перапынку, калі два гледачы ўзяліся пачытаць са сцэны Караткевіча ў рэп-манеры.

Лунінецкія рэперы з Lunclan выхваляліся набытай мінскай прапіскай, ганарліва заявіўшы прысутным, што яны прыехалі з Розачкі ды Грушаўкі, і прэзентавалі песню пра сталіцу, які магла б з поўным правам пратэндаваць на рэп-гімн Мінску.

Вожык чараваў публіку сціпласцю ды пафігізмам. Дзіўна, але негледзячы на практычную адсутнасць яго ў рэальнай музычнай прасторы, некаторыя яго спевы людзі ведалі на памяць. Як, напрыклад, трэк «Вечна жывая». Пры канцы свайго сэту рэпер не ўтрымаўся ды пахваліўся сваёй супрацай з амерыканскім чытальнікам Popa Chief з фармацыі Wu-Tang Clan Family. Праўда, жывая прэзентацыя трэку «Амерыка скрозь» выйшла скамечанай — калі ішла фанера з запісам голасу заакіянскага госця, сам Вожык не ведаў куды падзецца ды пры канцы загадаў прытушыць спеў на паўслове.

Апошнім чытаў той, дзеля каго і высілкамі якога гэтая дзея і ладзілася. Поспех на «Тузіне Гітоў» песні «Адыходзяць караблі» ды пераможнае шэсце кліпу «Восеньскі вальс» па тэлеканалах краіны зрабілі сваю справу. Яшчэ крыху — і яго будуць прадстаўляць як Яго Вялікасць Vincent. Новаспечаны герой айчыннага хіп-хопу прадставіў тое, што не страціла яшчэ актуальнасці з дыску «Пачатак» ды колькі рэп-патрыятычных нумароў. На прысвячэнні Каліноўскаму «Слава героям» людзі паднялі вялікі бел-чырвона-белы сцяг. Гэта было ўдалае завяршэнне вечару, можна было ісці. Але Vincent не пайшоў, а паўтарыў на біс «Працягваю жыць» і «Слава героям». Паспяховым фэстам і сваім выступам выканаўца зазначыў: гэта яго кірунак, і ён тут на сёння галоўны.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?