Тады як епіскап Гродзенскі – беларускі нацыяналіст, а Інстытут тэалогіі БДУ – гняздо філакаталікоў.

На расійскім аналітычным сайце «Материк» — інфармацыйнай платформе сілаў, якія выступаюць за далучэнне суседніх краін да Расіі, размешчаны даволі шырокі агляд Аддзела Беларусі Інстытута краін СНД пад назвай «Праваслаўная царква і рэлігійная абстаноўка ў сучаснай Беларусі».

Артыкул змяшчае агляд канфесійнай сітуацыі, падае працэнтныя суадносіны праваслаўных, каталікоў і пратэстантаў, аналізуе палітыку Аляксандра Лукашэнкі ў дачыненні да Праваслаўнай царквы.

У ацэнцы Інстытута краін СНД, Беларуская праваслаўная царква ў нас неаднастайная і падзеленая на розныя групоўкі.

Пачынаецца з далікатнага асуджэння беларускіх уладаў.

«Руская праваслаўная царква пасля здабыцця Беларуссю незалежнасці сутыкнулася з новымі выклікамі, якія вынікалі з пэўных фобій кіруючага класа рэспублікі», – піша «Материк».
І закідае беларускім уладам імкненне «кантраляваць дзейнасць Экзархата і жаданне ўмешвацца ва ўнутранае жыццё РПЦ». У якасці найбольш яскравага факту прыводзіцца прыклад выкарыстання тэрміну «Беларуская праваслаўная царква», што, нібыта, супярэчыць канонам праваслаўя. Паводле аўтараў: трэба толькі «Руская».

Далей пераходзяць на асобы.

«Сярод беларускага праваслаўнага духавенства распаўсюджваюцца настроі, звязаныя з «ўспамінамі аб славутым мінулым», калі Кіеўскія мітрапаліты знаходзіліся пад кіраваннем Канстанцінопаля. Падобныя павевы асабліва ўласцівыя для Гродзенскай і Ваўкавыскай епархіі, кіраўнік якой, біскуп Арцемій, неаднаразова выказваўся на карысць аўтакефаліі...
Пры гэтым кіраўніцтва дадзенай епархіі ўсяляк заахвочвае маладых святароў працягваць духоўнае адукацыю не ў навучальных установах Рускай праваслаўнай Царквы, а ў Польшчы», — сцвярджае «Материк».

Дасталося на арэхі і Інстытуту тэалогіі БДУ. У згаданым артыкуле сцвярджаецца, што яго фактычны кіраўнік Г.Пятроўскі, па сваім светапоглядзе «вельмі далёкі ад праваслаўя ўвогуле і ад рускага праваслаўя ў асаблівасці». Спадару Пятроўскаму закідаецца «ўкараненне ў сістэму адукацыі РБ нацыяналістычных падручнікаў па гісторыі Беларусі анцірускага і анціправаслаўнага кшталту».

«Пятроўскі і Даўгяла пастаянна прыцягваюць для выкладання ў Інстытуце тэалогіі БДУ заходніх вучоных-спецыялістаў і замежных спонсараў… Больш за тое, праваслаўныя духоўныя асобы, што выкладаюць у гэтай ВНУ ўвялі правядзенне супольных з прадстаўнікамі рымска-каталіцкай царквы службаў», — абураюцца расійская аналітыкі.

Аднак не ўсё так дрэнна ў Беларусі, лічаць аўтары публікацыі ў «Материке»: «Несумненна, што ў Беларусі маюцца здаровыя праваслаўна-рускія сілы. Прыкладам можа служыць актыўная асветніцкая і місіянерская дзейнасць епіскапа Полацкага і Віцебскага Феадосія, які ў сваім няпростым рэгіёне (у пачатку 1990-х гадоў Полацак быў абраны уніятамі як цэнтр для рэанімацыі грэка-каталіцызму) здолеў прыцягнуць на свой бок не толькі ўладныя структуры , але і выкладчыкаў і студэнтаў Полацкага дзяржаўнага універсітэта. Гэтак жа плённа і служэнне епіскапа Брэсцкага і Кобрынскага Іаана».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?