З 25 красавіка да 2 мая ў міланскім оперным тэатры Ла‑Скала праходзіў міжнародны конкурс вакалістаў Operalia. Гэтае музычнае спаборніцтва лічыцца адным з самых прэстыжных хаця б таму, што яго заснавальнікам і мастацкім кіраўніком з’яўляецца Пласіда Дамінга. Піша Юлія Андрэева.

Сёлета конкурс Operalia праходзіў ужо ў 18‑ы раз. Кожны год гэты конкурс праводзіцца ў розны час і ў розных оперных тэатрах свету. Нязменнай застаецца толькі ідэя і рэгламент. Ідэя ў тым, каб даць магчымасць таленавітым спевакам ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў заключаць кантракты са славутымі опернымі тэатрамі свету. Нездарма ж Дамінга запрашае ў журы не педагогаў і спевакоў, а дырэктараў такіх легендарных тэатраў, як Метраполітэн Опера (Нью‑Ёрк), Ковент Гардэн (Лондан), Ла‑Скала (Мілан), Тэатр Шатле (Парыж), Тэатр Лісэу (Барселона), а таксама вядомых рэжысёраў, дырэктараў фестываляў. Спрытным вокам і вухам гэтыя людзі вызначаюць найбольш перспектыўных артыстаў і адкрываюць перад імі дзверы сваіх тэатраў. І хоць далёка не ўсе лаўрэаты сталі пасля выдатнымі спевакамі, ёсць сярод іх і сапраўдныя знакамітасці: меца‑сапрана Джойс ды Даната), тэнары Хасэ Кура і Раланда Вільясон.

Вялікія надзеі ўскладаюцца і на лаўрэатаў 2010 году. Дарэчы, ужо проста трапіць на Operalia — гэта грандыёзны поспех, бо для ўдзелу ў конкурсе трэба прайсці надзвычай цяжкі папярэдні адбор. Штогод у парыжскую штаб‑кватэру паступае не менш за 1000 заявак з усяго свету. Спецыяльнае журы праслухоўвае гуказапісы і адбірае 40 удзельнікаў, якім аплачваецца дарога ў абодва канцы і пражыванне ў гатэлі. Сёлета ў дамінгаўскім конкурсе ўпершыню заспявала беларуска — студэнтка 4‑га курса Санкт‑Пецярбургскай кансерваторыі Надзея Кучар (Nadine Koucher, як пішацца яе прозвішча на YouTube). На жаль, нягледзячы на свае фенаменальныя верхнія ноты, яна дайшла толькі да другога туру — не хапіла артыстызму. Але спадзяюся, што нашую спявачку заўважылі і дадуць ёй магчымасць дасканаліць свой вакальны і тэатральны талент у Мілане ці Нью‑Ёрку.

Не дасталося прызоў і 23‑гадоваму ўкраінскаму барытону Андрэю Бандарэнку, за якога мы заўзелі праз інтэрнэт‑тэлебачанне. Балазе, фінал конкурсу трансляваўся на канале http://www.medici.tv, і на хуткасці 1 мегабіт/с можна было і глядзець, і слухаць.

А вось яшчэ адзін ўкраінец, бас Яўген Арлоў,— разам з італьянскім тэнарам Джардана Лука і сапрана Розай Феола) здабыў «срэбра» і 20 000 даляраў. У дадатак, Роза Феола здабыла прыз за выкананне сарсуэлы (іспанскай аперэты). Гэтую ўзнагароду Пласіда Дамінга заснаваў у гонар сваёй памерлай маці, Пепіты Эмбіл дэ Дамінга, якая была зоркай гэтага жанру. Аналагічная прэмія ў гонар Пласіда Дамінга‑старэйшага была прысуджаная амерыканскаму тэнару Натаніэлю Піку. Сарсуэла — адвольная частка спаборніцтва. Але многія канкурсанты, не толькі іспанцы, ахвотна спяваюць іспанскую музыку. Шкада, што ў беларусаў няма сваёй нацыянальнай аперэты!

«Бронзу» і 10 000 даляраў атрымала расіянка Дынара Аліева і паўднёвакарэйскі бас Чхе Джун Лім.

Сваіх гаспадароў знайшла і найвышэйшая ўзнагарода конкурсу — 30 000 даляраў плюс гадзіннік «Ролекс». Яна дасталася 22‑гадоваму румынскаму тэнару Стэфану Попу і балгарскай спявачцы Соні Ёнчавай, якая спецыялізуецца на выкананні старажытных опер. Стэфан Поп і Роза Феола дадаткова атрымалі прыз глядацкіх сімпатый.

Зрэшты, найбольш эфектная ўзнагарода дасталася не ім, а амерыканскаму бас‑барытону Раяну Мак‑Кіні, які стаў першым лаўрэатам прэміі імя Біргіт Нільсан за найлепшае выкананне опер Вагнэра і Штраўса. Гэтую прэмію Пласіда Дамінга заснаваў на тыя грошы, якія сам атрымаў летась з рук шведскага караля ў якасці прэміі імя Біргіт Нільсан. Славутая шведская спявачка, якая памерла ў 2005 годзе, завяшчала кожныя 2‑3 гады выплачваць прыз памерам у мільён даляраў за выдатныя дасягненні ў оперы. І першую прэмію яна асабіста прысудзіла Пласіда Дамінга, але папрасіла трымаць гэта ў таямніцы цягам трох гадоў пасля яе смерці. Цырымонія перадачы прэміі адбылася 13 кастрычніка 2009, і тады ж Дамінга паабяцаў, што на гэтыя грошы будзе выплачваць маладым спевакам у рамках Operalia спецыяльную прэмію.

Дарэчы, сам маэстра падчас конкурсу сумяшчаў ролю старшыні журы з роляй дырыжора. У свае амаль 70 гадоў ён поўны энтузіязму і энергіі. Побач з ім у журы была ягоная жонка Марта — у мінулым выдатная спявачка і оперны рэжысёр. А ў пачатку цырымоніі ўзнагароджання ўсе ўдзельнікі, якія прайшлі ў другі тур (у тым ліку і беларуская спявачка) па традыцыі праспявалі хорам конкурсны гімн, напісаны сынам маэстра — Пласіда Дамінга‑малодшым.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?