Стрэсы і шокі ў сакавіку каштавалі золатавалютным рэзервам Беларусі $692,9 млн. Зніжэнне склала 8,4 працэнта. За месяц да таго ЗВР, дарэчы, таксама зніжаліся. Тады рэзервы палягчэлі на $ 259,1 млн ці на 3 працэнты. У выніку на 1 красавіка 2022 года іх агульны аб'ём склаў $ 7,57 млрд.

Зніжэнне золатавалютных рэзерваў істотна змяніла іх структуру. Асноўныя страты ЗВР панеслі ў частцы замежнай валюты, яе доля знізілася з 43 да 37 адсоткаў. На гэтым фоне доля золата ўзрасла з 40 да 44 адсоткаў.

У пераліку на даляр ЗША і з улікам росту цаны каштоўнага металу, золата ў складзе рэзерваў склала $3,34 млрд, а замежнай валюты засталося ўсяго $2,8 млрд. Яшчэ $1,4 млрд — гэта спецыяльныя правы запазычання (SDR), валюта МВФ. Карыстацца ёй фактычна нельга з прычыны санкцый Еўрасаюза і ЗША, уведзеных у адказ на масавыя рэпрэсіі ў Беларусі. 

Доля іншых актываў у складзе рэзерваў вельмі нізкая. Страты ЗВР на працягу сакавіка ў частцы замежнай валюты склалі $730 млн, або 21 працэнт. $100 млн сышло на вяртанне даўгоў, астатняе — продаж валюты для падтрымкі курсу рубля і перавод часткі ЗВР у іншыя віды актываў (напрыклад, канверсія ў расійскі рубель ці іншую валюту, якая не ўваходзіць у спіс рэзервовых валют МВФ).

Відавочна, другое — гэта спроба абараніць хаця б частку грошай ад санкцый. Нацбанк плануе па выніках бягучага года захаванне ЗВР на ўзроўні не менш як $7 млрд і пакуль знаходзіцца вышэй праведзенай чырвонай лініі.

Не выклікае аптымізму і той факт, што «жывых» грошай у складзе рэзерваў застаецца ўсё менш. Золата і SDR МВФ маюць хутчэй фундаментальны сэнс, чым практычны, таму што не могуць аператыўна выкарыстоўвацца для падтрымкі рубля або выплаты даўгоў.

Урад ужо абвясціў афіцыйна, што некаторыя крэдыторы з ліку «варожых» атрымаюць свае грошы назад толькі ў беларускіх рублях. Цікава, ці чакае падобны лёс беларусаў, якія многія гады давалі дзяржаве валюту ў доўг, укладаючыся ў аблігацыі мінфіна?

Клас
8
Панылы сорам
9
Ха-ха
35
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
8