Госці з Еўропы ў Бучы
«Наведалі Бучу. Я паказаў прэзідэнту Еўракамісіі Урсулі фон дэр Ляен, вярхоўнаму прадстаўніку ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэпу Барэлю і прэмʼер-міністру Славакіі Эдуарду Гегеру зверствы, учыненыя расійскімі вайскоўцамі над цывільнымі ўкраінцамі.
Мы ніколі не прабачым ворагу гэтых злачынстваў. Супольна працуем з нашымі еўрапейскімі партнёрамі, каб як мага хутчэй спыніць агрэсара», — заявіў Шмыгаль.
Падчас візіту Урсуля фон дэр Ляен заявіла, што ўкраінскую заяўку на ўваход у Еўрасаюз хочуць прадставіць Радзе ЕС ужо ўлетку, паведамляе «Reuters».
«Звычайна праходзяць гады, перш чым Рада ЕС прыме заяўку на членства, але Украіна зрабіла гэта за тыдзень ці два, і я заклікаю рухацца наперад як мага хутчэй… Наша мэта — прадставіць заяўку Украіны Радзе гэтым летам», — сказала прэзідэнтка Еўракамісіі.
Урсула фон дэр Ляен сёння таксама афіцыйна перадала прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму апытальнік, запаўненне якога з'яўляецца неабходным крокам для надання Украіне статуса кандыдата ў ЕС.
«Мы будзем гатовыя з адказамі праз тыдзень», — сказаў Зяленскі.
Жазэп Барэль, які таксама прыехаў у Кіеў 8 красавіка, выказаў спадзеў, што Еўрасаюз найбліжэйшымі днямі дасць Украіне яшчэ 500 мільёнаў еўра.