«Спадар Уладзімір Зяленскі! Я звяртаюся да вас не толькі як да прэзідэнта, але найперш як да чалавека, грамадзяніна сваёй краіны.

Як і ўсе беларусы, я бачу, што адбываецца ў Бучы, Барадзянцы, Марыупалі. Як і ўсе беларусы, я працую з ранку да ночы, і раблю, што ў маіх сілах, каб дапамагчы спыніць гэту катастрофу, і я нават не ўяўляю, як адчуваеце сябе вы, як вы спраўляецеся з той чалавечнасцю і неабходнасцю прымаць вельмі і вельмі складаныя рашэнні.

Але я добра разумею, што такое паставіць адказнасць за краіну і народ вышэй за самога сябе. Я дзякую за вашу мужнасць і адданасць свайму народу. Я дзякую, што вы адрозніваеце рэжым Лукашэнкі і беларускі народ. Дзякую за тое, што ваш урад камунікуе з дэмакратычнымі сіламі і прымае сапраўдных прадстаўнікоў Беларусі ва Украіне.

Я разумею, што ў мэтах нацыянальнай бяспекі вам трэба быць вельмі асцярожным. Я сапраўды разумею, бо я, як і вы, вучылася дыпламатыі не ва ўніверсітэце, а падчас крызісу ў роднай краіне.

Мне дагэтуль згадваюць словы пра мудрага Пуціна, якія я сказала ў верасні 2020-га. Тады гэта быў дыпламатычны спосаб пазбегнуць уводу расійскіх войскаў у Беларусь і данесці да Крамля выбар нашага народа: жыць у свабоднай краіне і самастойна абіраць уладу. Але ён падтрымаў Лукашэнку, а значыць, рэпрэсіі супраць мірных беларусаў

У нашай краіне ўжо тысячы зняволеных па палітычных матывах. Іх колькасць расце кожны дзень, паўтара года працягваецца тэрор, а цяпер з тэрыторыі Беларусі расійскія войскі бамбяць украінскія гарады. Нашыя людзі бачаць, як па нашых гарадах ездзяць танкі з расійскімі сцягамі, і разумеюць, што гэта акупацыя.

У нас з вамі агульная мэта — спыніць гэтую вайну і абараніць нашыя народы і дзяржавы. Бо без вольнай Украіны не можа быць вольнай Беларусі, а без вольнай Беларусі Украіна і ўвесь рэгіён не можа быць упэўнена ў бяспецы. 

Беларусы добра разумеюць гэта, таму і пашыраюць антываенны рух насуперак рэпрэсіям. Вы бачыце, як змагаюцца беларускія партызаны.

Трое хлопцаў спрабавалі спыніць эшалон з расійскай тэхнікай, іх затрымалі і прастрэлілі ім калені. Вы ведаеце, што батальён Каліноўскага і полк «Пагоня» разам з вамі бароняць гонар нашых народаў. Вы чуеце, як беларусы збіраюць інфармацыю пра перасоўванне расійскіх войскаў і дасылаюць у канал «Беларускі Гаюн», каб папярэдзіць украінскіх вайскоўцаў пра небяспеку.

Для мяне відавочна: каб узнавіць мір і бяспеку, расійскія войскі павінны выйсці з тэрыторыі і Украіны, і Беларусі. Але і Лукашэнка павінен сысці таксама.

Зараз ён спрабуе перайграць, прабрацца на перамовы і выдаць сябе за міратворцу, а не суагрэсара Пуціна. Але ад імя беларусаў на перамовах павінны гаварыць сапраўдныя прадстаўнікі народа.

А Лукашэнка і яго пасобнікі павінны быць прыцягнуты да адказнасці за свае злачынствы — і перад беларусамі, і перад украінцамі.

Я бачыла на фотаздымках вашы вочы, калі вы былі ў Бучы. І разумею, які боль назаўсёды застаецца ў сэрцы ад страты кожнага суайчынніка. Дык не разлічвайце, што міратворцам можа быць чалавек, які даўно забыўся на гэты боль.

Ведаеце, калі я наведвала цэнтр бежанцаў у Варшаве, туды прыходзіла ўкраінка з маленькім дзіцёнкам. Яна шукала нейкі абутак, бо збегла ўвогуле без рэчаў. Яна спытала, ці пяройдзе беларуская армія ўкраінскую мяжу. Я адказала, што нам дакладна вядома, беларусы не хочуць ісці супраць украінцаў.

А пасля спытала, ці разумее яна мяне, калі я размаўляю па-беларуску. Яна нават здзівілася: «Звісну разумею, мы ж браты».

Я жадаю, каб мы далей маглі разумець адно аднаго і не дазволілі дыктатарам зрабіць нашыя народы ворагамі. Беларусы і ўкраінцы павінны трымацца разам.

Слава Украіне і Жыве Беларусь!»

Клас
29
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
1