Яна тлумачыць «за Беларусь», ён — пра нюансы палітыкі ва Украіне. «Спрэчкі ёсць, але без гэтага было б дзіўна»

Беларуска Наталля зразумела, што ў Беларусі заставацца небяспечна вельмі хутка пасля выбараў 2020 года. Яна працуе ў IT, і офіс яе кампаніі якраз павінен быў адкрыцца ў Кіеве. Так з’явілася магчымасць для рэлакацыі, і Наталля ёй скарысталася.

«Я захапляюся спартыўным арыентаваннем і трэйл-ранінгам — гэта бег па перасечанай мясцовасці. Калі праз месяц пасля пераезду ўбачыла на фэйсбуку публікацыю пра бегавы кэмп у Карпатах, вырашыла паехаць, — расказывае Наталля. — У дзень ад’езду стала вядома пра смерць Рамана Бандарэнкі, і ў мяне ўжо не было настрою на Карпаты ўвогуле. Але валізка сабраная. Там і сустрэла будучага мужа, ён украінец. Праз год пасля той паездкі мы ажаніліся».

Фота: асабісты архіў пары

Фота: асабісты архіў пары

Муж Наталлі — Мыхайла — дадае, што іх адносіны строіліся на аднолькавых тэмах і захапленнях. Маладыя людзі любяць горы, бег, каву. Па словах Мыхайлы, іх пару аб’яднала тое, што Наталля была актыўнай удзельніцай пратэстаў у Беларусі, а ён — удзельнікам Рэвалюцыі годнасці ў 2014 годзе ва Украіне.

«Не тое, каб мы абмяркоўвалі палітычныя погляды, проста разумелі, што мы за дэмакратыю і свабоду. Але я больш радыкальны», — заўважае Мыхайла.

Наталля працягвае:

«Яшчэ з першых дзён вайны ў нас з мужам абсалютна ідэнтычныя погляды на сітуацыю. Спачатку яго «шарахнула» ў разы больш, ён вельмі хацеў вярнуцца ва Украіну і ўступіць у тэрабарону (на той момант мы былі ў Іспаніі і плануем пакуль тут застацца). Потым вырашылі, што без баявога вопыту рабіць там няма чаго і лепш мы будзем дапамагаць у тыле дабрачыннасцю і IT-актыўнасцямі».

Такое адзінства Наталля тлумачыць для сябе тым, што з мужам яны глядзяць адны і тыя ж ютуб-каналы, чытаюць аднолькавыя медыя і блогераў. 

«Безумоўна, бываюць разыходжанні ў меркаваннях наконт канкрэтных укідаў і спрэчкі фармату «фэйк ці праўда», але зусім без гэтага было б дзіўна. Мне часцей даводзіцца адукоўваць мужа па сітуацыі ў Беларусі, пра пратэст, партызанскі рух. Ён жа мне тлумачыць нейкія нюансы ўнутрыпалітычнага жыцця Украіны, хто ёсць хто і гэтак далей», — кажа Наталля. 

«Сваркі праз сяброўства Беларусі і Расіі ў нас былі. Мая пазіцыя такая, што мы зможам нармальна жыць, толькі калі Расія спыніць існаванне, а зараз Беларусь пакутуе ўзамен на танны газ для насельніцтва,

— лічыць Мыхайла. — Затое калі пачалася вайна, жонка пагадзілася, што ў вайне вінаватыя ўсе рускія, і яны павінны панесці пакаранне. Мы можам сварыцца, напрыклад, ці правільна зрабілі канкрэтныя людзі, ці падкрэслілі сваю пазіцыю наконт вайны. Жонка тады нагадвае мне, што Беларусь па сутнасці акупаваная тэрыторыя і нельга перакладаць адказнаць на людзей за рашэнні, прынятыя Лукашэнкам».

Фота: асабісты архіў пары

Фота: асабісты архіў пары

Наталля і Мыхайла кажуць, што паміж іх сем’ямі адносіны добрыя. Украінца толькі здзівіла, што бацькі Наталлі не ведалі нічога пра Данбас, што яго тэрыторыя была акупавана расійскімі вайскоўцамі. 

«Цікава, што сям’я мужа жыве ва Украіне недалёка ад мяжы з Польшчай і Беларуссю, таму свёкар нават называе сябе палешуком, — адзначае Наталля. — Мне хочацца верыць, што сям’я мужа цалкам паважае выбар сына і падтрымлівае беларусаў у сітуацыі, у якой мы апынуліся. Праўда, чамусьці муж доўга цягнуў з аб’яўленнем навіны пра наш шлюб, таму яго бацькі пазнаёміліся са мной ужывую ўжо пасля вяселля, хаця завочна я іх даўно ведала». 

Мыхайла у сваю чаргу кажа, што яго сям’і проста няважна, якой нацыянальнасці яго жонка. Галоўнае, што яны знайшлі адно аднаго і ў бацькоў з’явіўся шанс атрымаць унукаў. 

У шлюбе амаль дзесяць гадоў. «Сваркі бываюць, але ў бытавым плане, не палітычным»

Імёны герояў гэтай і наступных гісторый змененыя па іх просьбе. 

Зміцер — беларус, Алена — украінка. Яны пазнаёміліся ў інтэрнэце больш за дзесяць гадоў таму. Зміцер некалькі разоў з’ездзіў да дзяўчыны — пачаліся стасункі. Потым яго, тады яшчэ маладога спецыяліста, размеркавалі ў невялікі раённы гарадок у Беларусі. Зміцер запрасіў туды жыць і Алену. З 2013 года яны афіцыйна сталi сям’ёй. Зараз у іх двое дзяцей, пара чакае трэцяга. Усе гэтыя годы яны пражылі ў Беларусі.

«Тут ніколі не было дэмакратыі, але і праблем асаблівых не заўважалі. Я спадзяваўся, што супраць прыроды не папрэш і Лукашэнка памрэ раней за нас, а потым нешта ды зменіцца. У 2020 годзе надзей было шмат. Тады чаго з’язджаць, калі тут столькі добрых людзей?

— разважае Зміцер. — Пасля выбараў мне далі суткі, потым таксама плаціў штраф за рэпост. Зразумела, што і я, і жонка супраць беларускай улады і супраць вайны. На гэты конт не было ніякіх канфліктаў».

Алена пацвярджае: з мужам не сварыліся, бо падсвядома былі гатовыя да таго, што здарылася. Навіны бачылі, прапагандзе не верылі.

«Хаця першая рэакцыя, калі муж сказаў пра пачатак вайны — адмаўленне. Дваццаць першае стагоддзе ж! Банальна людзі ўмеюць размаўляць, любы канфлікт даўно вырашаецца за круглым сталом, — кажа жанчына. — Але аказалася, што яшчэ застаўся чалавек з ваеннымi амбіцыямі».

Ніякай забароны на абмеркаванне палітыкі ў сям'і няма яшчэ з 2020 года. Безумоўна, бываюць сваркі ці рознагалоссі, але выключна ў бытавым плане. Зміцер дадае, што ў яго ёсць сваякі і ў Беларусі, і ва Украіне, і ў Расіі. Погляды ва ўсіх розныя, у тым ліку і супрацьлеглыя. Ад таго большасць праблем узнікае з імі, а не з жонкай.

«Калі ў пытанні выбараў ў Беларусі яшчэ былі нейкія «хатаскрайнікі», то зараз няма нікога без меркавання. Адсюль і канфлікты. У Расіі людзі апрацаваныя прапагандай, таму вераць у вызваленне Украіны.

Маці жонкі вельмі верыць у Бога, таму кажа, што толькі ён і дапаможа, а вось сябры Алены па-рознаму рэагуюць. Некаторыя, было і такое, наязджалі, маўляў, што вы нападаеце, чаму нічога не робіце. Зразумець іх лёгка, а вось нешта адказаць складана, — прызнаецца Зміцер. — Ну, выйду з плакатам, заплачу яшчэ адзін штраф, праспансірую дзяржмашыну, і сям’я будзе нейкі час без карміцеля. Каму ад гэтага лягчэй? У нас пакуль аўтаматы не раздаюць». 

Фота: АР

Фота: АР

Алена заўважае, што з боку сям’і мужа не адчувае негатыву да сябе, як да ўкраінкі. 

«А што пішуць у інтэрнэце, я намагаюся не чытаць увогуле. Усё адно там нерэальна нешта даказаць людзям. Муж толькі скардзіцца на «ябацек» з працы — іх усё ж такі даводзіцца слухаць», — расказвае жанчына.

Беларус прызнаецца, што за месяц прызвычаіўся да сітуацыі, бо людзям «сваю галаву не паставіш».

«Дзесьці і пасварыцца магу, дзесьці проста руку не пацісну. Але калі б з жонкай былі такія розныя меркаванні, думаю, можа, і пра развод загаварылі б, нягледзячы ні на што. Ну як можна ў такім выпадку з чалавекам, у якога супрацьлеглыя паняцці маралі, жыць і дзяцей расціць? Думаю, немагчыма».

«Жадання з’ехаць з Беларусі зараз у мяне няма, — кажа Алена. — Мне падабаецца тут жыць. А тое, што зараз адбываецца, рана ці позна скончыцца. І будуць яшчэ і ўкраінцы, і беларусы жыць па-чалавечы». 

Дайшло да заявы на развод. «Чалавеку быццам рэзка прамылі мозг»

Святлана напалову беларуска, напалову ўкраінка. Зараз амаль уся яе сям’я жыве ва Украіне.

«Грамадзянства ў мяне беларускае, хаця я заўсёды падкрэсліваю, што я ўкраінка. У дзяцінстве я жыла ў бабулі ва Украіне, таму першая мова, якую я засвоіла, была менавіта ўкраінская. Беларускую я вывучыла ўжо ў школе, калі пайшла вучыцца ў Мінску», — распавядае жанчына. 

З мужам-беларусам Святлана пазнаёмілася пяць год таму. Вельмі хутка маладыя людзі пачалі сустракацца, а ў снежні 2021 года ажаніліся. 

«Калі пачалася вайна, першыя некалькі дзён я была ў дзікім стрэсе, пастаянна на сувязі з сям’ёй, перажывала. Муж тым часам не казаў нічога, але калі паднялася гэтая тэма, ён заявіў, што «ва Украіне нацысты і хутчэй бы іх там усіх паперабівалі», — Святлана цытуе мужа. — Я спрабавала пагаварыць, патлумачыць сітуацыю, але ў адказ чула толькі пра «бамбілі Данбас», украінскіх нацыстаў, НАТА і свастыкі. Карацей, чалавеку быццам рэзка прамылі мозг». 

Святлана не пакідала спробы знайсці паразуменне, але аргументы з другога боку заставаліся тымі ж самымі. У выніку яе муж падаў на развод — шлюб не пратрымаўся і паўгода. 

«Раней мы, безумоўна, абмяркоўвалі палітыку, але адкрытых канфліктаў не было. Напрыклад, падчас выбараў 2020 года муж быў супраць Лукашэнкі, але лічыў, што выходзіць на пратэсты бессэнсоўна, бо гэта нічога не вырашыць. А зараз ён кажа: «Я супраць вайны, але Пуцін усё робіць правільна». Прычым муж заўсёды, у любым зручным выпадку, падкрэсліваў, як яму пашчасціла, што яго жонка ўкраінка. Як ён можа зараз падтрымліваць Пуціна? Ні я, ні мае сябры не разумеем», — здзіўляецца жанчына.

Фота: АР

Фота: АР

З бацькамі мужа Святлана не размаўляе пра палітыку яшчэ з 2020 года: яны вельмі старыя і глядзяць беларускае тэлебачанне, таму цалкам вераць прапагандзе.

«З майго боку пра развод ведае толькі мама. Яна вельмі засмучаная і не ведае рэальнай прычыны. Мая маці ж украінка, я проста не ведаю, як сказаць ёй, — дзеліцца жанчына. — Таксама ўжо ведаюць некалькі блізкіх сябровак, якія мяне падтрымліваюць. Цікава, што на маім боку таксама і лепшы сябар мужа, які не разумее яго пазіцыю».

Сям’я, у якой вайна пачалася ў 2014-м. «Муж лічыць, што выплюхваць агрэсію на беларусаў несправядліва»

Кацярына родам з Беларусі. Свайго мужа сустрэла на Новы — 2019-ы — год, ён быў у кампаніі яе ўкраінскіх сябровак. Нягледзячы на адлегласць, адносіны паміж маладымі людзьмі развіваліся, бо да пандэміі ездзіць з Мінска ў Кіеў і наадварот было лёгка.

«У сакавіку 2020 Украіна закрыла мяжу, і пасля мы змаглі ўбачыцца толькі ў чэрвені. Што далей, было незразумела, таму мой цяпер ужо муж і зрабіў прапанову, — узгадвае Кацярына. — Яшчэ да выбараў 2020 года мужу спадабаўся Мінск, і ён думаў шукаць працу тут. Але яго сфера, хоць гэта і ў IT, даволі спецыфічная, вакансій мала. Мы падумалі, што ў Кіеве больш магчымасцяў. А палітычная сітуацыя проста паскорыла працэс нашага ад’езду». 

У верасні 2020-га Кацярына з мужам пераехала ва Украіну, а ужо ў лістападзе яны пабраліся шлюбам. Але хутка прыйшлося зноў жыць на дзве краіны: пасля інсульту мама Кацярыны стала ляжачай. Яе стан быў цяжкі, жанчына не адзін тыдзень правяла ў рэанімацыі. Кацярына зноў пераехала ў Мінск, а восенню 2021-га і яе муж. Зараз яны жывуць у Беларусі. 

«Пасля пачатку вайны нашы адносіны не змяніліся. Муж ужо перажыў вайну: ён і яго сям’я з Данбаса, і ў 2014 годзе перабраліся ў Кіеў.

Дарэчы, усе размаўляюць па-руску. Сваякі мужа ставяцца да мяне цудоўна, яго мама і сястра — выдатныя людзі. Мы вельмі падтрымліваем адно аднаго і заўсёды на сувязі. З мужам нас згуртавала спачатку пандэмія, потым сітуацыя з маёй мамай. На палітыку погляды ў нас аднолькавыя — і на тое, што адбываецца ў Беларусі, і на тое, як усё павінна быць ва Украіне. Таму не было ні сварак, ні канфліктаў».

Фота: АР

Фота: АР

Кацярына кажа, што заўважыла: часцей за ўсё ўкраінцы, якія «наязджаюць» на беларусаў, не ведаюць, што ў нас здарылася ў 2020-м. 

«Муж лічыць, што такім людзям проста трэба выплюхнуць сваю агрэсію на беларусаў і што гэта несправядліва, але ва ўмовах вайны з гэтым нічога не зробіш. Я згодна, — распавядае беларуска. — Разумею ўкраінцаў, але, магчыма, калі б сусветная супольнасць звярнула на Беларусь больш увагі два гады таму, усё склалася б інакш. Мне таксама прыйшлося трошкі патлумачыць сітуацыю ў 2020 годзе для сям’і мужа, і зараз яны больш разумеюць, што адбываецца ў маёй краіне».

Сваякі Кацярыны імкнуцца дапамагчы яе мужу. Адзінае што, цётка трохі наглядзелася тэлебачання, але ў выніку прыслухалася да саміх украінцаў.

«Самае непрыемнае, што здарылася, — гэта сітуацыя з працай мужа, ён працуе на амерыканскую кампанію. Праз некалькі дзён пасля пачатку вайны мужу без папярэджання заблакавалі доступ да працоўнага акаўнта. Афіцыйнага адказу ад фірмы не было, але мы зразумелі, што гэта з-за нашага знаходжання ў Беларусі.

Муж не працаваў тыдзень, але яго калегі дабіліся, каб доступ вярнулі. Праўда, папярэдзілі, што заблакуюць зноў, калі Беларусь адкрыта ўступіць у ваенныя дзеянні. З’ехаць адсюль мы не можам, таму што не можам кінуць маю маму. Мы жывем тут, бо даглядаем хворага чалавека, а не таму што падтрымліваем Лукашэнку». 

Клас
46
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
20
Абуральна
3