Пасольства Расіі ў Нідэрландах. Фота: toamsterdam.ru

Пасольства Расіі ў Нідэрландах. Фота: toamsterdam.ru

Пра высылку 17 расійскіх дыпламатаў паведаміў тэлеканал NOS. Міністэрства замежных спраў Нідэрландаў заявіла, што замест дыпламатычнай працы расіяне займаліся ў іх краіне шпіянажам.

«У гэтых людзей напісана «дыпламат» на візітоўках, але яны на самай справе робяць нешта зусім іншае. Мы прынялі гэтае рашэнне для бяспекі Нідэрландаў», — заявіў міністр замежных спраў краіны Вопке Гукстра. 

Аналагічны крок робіць і Бельгія, у яе спісе на высылку — 21 расійскі дыпламат.

Высылае расійскіх дыпламатаў і Ірландыя. Краіну пакінуць чатыры супрацоўнікі амбасады Расіі, паведаміў міністр замежных спраў Сайман Ковені. Афіцыйная прычына — неадпаведнасць іх дзейнасці міжнародным стандартам дыпламатычных паводзінаў.

Усяго аднаго супрацоўніка расійскага пасольства высылае Чэхія, але ў ім цяпер ўсяго заставалася толькі сем чалавек. У заяве чэшскага МЗС гаворыцца, што такі крок дазволіць «абмежаваць прысутнасць расійскіх спецслужбаў у Еўрасаюзе».

Раней Польшча з тых жа прычын выслала 45 расійскіх дыпламатаў, пра аналагічныя крокі абвяшчалі таксама Балгарыя, Паўночная Македонія, Латвія, Літва, Эстонія.

МЗС Расіі, каментуючы высылку дыпламатаў з шэрагу еўрапейскіх краін, заявіла, што ў адказ на гэта будуць прынятыя контрмеры.

Клас
8
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0